Культура

N.R.M. перапыняе маўчанне

Гурт Лявона Вольскага быў адзіным са спісу забароненых выканаўцаў, хто не скарыстаўся магчымасцю выступаць пасля сустрэчы ў Адміністрацыі прэзідэнта. І вось пасля паўзы, што цягнулася з год, N.R.M. выступаюць у Мінску. Нагода – 15-годдзе гурта.

Пасля таго, як у Адміністрацыі прэзідэнта рокерам паабяцалі зняць усе забароны, гурт N.R.M. практычна знік з музычнага далягляду і адмаўляўся ад удзелу ў канцэртах і фестывалях на тэрыторыі Беларусі. Самі музыкі тлумачылі гэта тым, што ўзялі творчы адпачынак. “Трэба вытрымаць паўзу. Тры гады нельга было граць, а цяпер гэта нават заахвочваецца. Думаю, што, наадварот, у гэтай сытуацыі трэба крышачку памаўчаць ды падумаць”, – прызнаўся Вольскі ў адным з сваіх інтэрв’ю. За гэты час гурт сабраўся ўсяго некалькі разоў і тое дзеля канцэртаў па-за межамі краіны.

І вось музыкі прынялі рашэнне даць вялікі канцэрт – у канцэртнай залі “Мінск” 17 снежня. Гэта будзе першы іх выступ за гэты год у сталіцы. Нагода – 15 годдзе N.R.M., якое вырашана справіць акустычным канцэртам. Лявон Вольскі прызнаецца, што такі камерны фармат яму больш да спадобы, бо мае больш хатнюю атмасферу, дае магчымасці для імправізацыі ды і наогул атмасфера на такіх выступах больш добразычлівая.

Сяргей Нятрэба, udf.by

Пакінуць адказ