Грамадства

Новыя смерці ад пнеўманіі

У Берасці на ўздыме эпідэміі грыпу заменены галоўны ўрач гораду. На пасаду заступіў Мікалай Красоўскі. У гутарцы з карэспандэнтам “Радыё Свабода” ён пацвердзіў факт смерці ад пнеўманіі 21-гадовай Вольгі Цыбульскай.

“Свабода” даведалася, што нябожчыцу пахавалі на могілках “Панкі” блізу райцэнтру Івацэвічы.

Землякі нябожчыцы ўдакладнілі, што да апошняга часу дзяўчына жыла і працавала ў Берасці.

“Раптоўная смерць усіх нас літаральна аглушыла, — сказала “Свабодзе” супрацоўніца аддзелу культуры Івацэвіцкага райвыканкаму Алена П. — Яе маці — наша калега, многія з нас добра ведалі яе дачку, радаваліся за яе прыгажосць і поспехі”.

У суседнім Ганцавіцкім раёне таксама льюцца слёзы. У вёсцы Хатынічы пахавалі настаўніцу. Раней яна працавала ў горадзе, а муж быў гастарбайтэрам на будоўлі ў Расеі. Перабраліся ў вёску з-за малых дзяцей, каб раслі здаравейшымі.

“Муж прыехаў у Хатынічы і заўважыў, што жонка нездаровая. Прымусіў яе звярнуцца да тутэйшых лекараў. На суткі яны затрымалі хворую ва ўчастковай лякарні. Пасля накіравалі ў райцэнтар. Дадому жанчына больш не вярнулася”, — удакладніла для “Свабоды” жыхарка вёскі Хатынічы Ірына.

У Хатынічах да сёння плачуць і па яшчэ адной жанчыне. Яна пайшла з жыцця ў выніку раптоўнай пнеўманіі. У сям’і асірацелі трое дзяцей.

У вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёну ахвярай грыпу стаў мужчына. Ён быў удаўцом — на пачатку году памерла яго жонка. Цяпер круглымі сіротамі засталіся трое дзяцей.

Галоўны санітарны ўрач Берасцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадзкага здароўя Алег Арнаўтаў паведаміў, што ў рэгіёне ўжо дакладна пацверджаныя 8 выпадкаў захворвання на грып А(Н1N1).

Паводле “Радыё Свабода”.

Фота “Радыё Свабода”.

Cybulskaja

Магіла 21-гадовай Вольгі Цыбульскай, якая памерла ад пнеўманіі.

0 Comments

Пакінуць адказ