Грамадства

Берасцейскія актывісты дайшлі да Камітэту ААН

Берасцейскія заяўнікі забароненых пікетаў за дадатковае абмеркаванне жыхарамі канцэпцыі помніка да 1000-годдзя горада накіравалі скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

21 лістапада індывідуальныя скаргі накіравалі актывісты дэмсіл, у тым ліку і рухі “За свабоду” Ірына Лаўроўская, Дзяніс Турчаняк і Раман Кісляк.

Падставай для звароту ў незалежны орган міжнароднага расследавання стала забарона мясцовай уладай дадзеных акцый. Да гэтага часу актывісты беспаспяхова абскарджвалі забарону ў адпаведных беларускіх інстанцыях.

Актывісты падавалі заяўкі на правядзенне пікетаў 15, 16 і 17 студзеня бягучага года. У ліку патрабаванняў было прыпыненне прац па вырабе помніка да агульнанароднага абмеркавання мэтазгоднасці яго ўсталёўкі, а таксама яго мастацка-вобразнай канцэпцыі. Яны таксама выступалі супраць практыкі прымусу да “добраахвотна-дабрачынных ахвяраванняў” на выраб помніка. Акрамя таго, як перакананы заяўнікі, помнік у цяперашнім выглядзе будзе спрыяць распальванню рэлігійнай і міжканфесійнай розніцы.

Пікеты планавалася правесці на вуліцы Гогаля — недалёка ад месца, дзе вызначалася ўсталяваць помнік. Гарвыканкам забараніў акцыі, матывуючы гэта тым, што для такіх мерапрыемстваў рашэннем улад вызначаны стадыён “Лакаматыў”.

У сваіх скаргах у Камітэт ААН па правах чалавека заяўнікі акцый прыводзяць пэўныя факты, якія сведчаць, па іх меркаванні, пра парушэнне ў стаўленні іх шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы.

“Калі камітэт задаволіць нашы патрабаванні (прызнаць у забароне дадзеных пікетаў парушэння нашых грамадзянскіх правоў), улады горада Берасця будуць змушаны спыніць практыку выцяснення грамадзянскай ініцыятывы ў бязлюднае месца, якім з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”, — заявіў Раман Кісляк.

Як адзначыў праваабаронца, па рашэнні гарвыканкама ў 300-тысячным горадзе прадугледжана ўсяго адна пляцоўка для правядзення збораў, мітынгаў і пікетаванні — стадыён “Лакаматыў”, які знаходзіцца сярод прыватнай забудовы і за бетонным плотам. Прыцягнуць там увагу грамадскасці праблематычна.

Праваабаронца падкрэсліў, што нават там улады рэдка дазваляюць падобныя акцыі, матывуючы гэта тым, што на стадыёне праходзяць якія-небудзь мерапрыемствы; такім чынам жыхары горада пазбаўлены правы публічна выяўляць свае меркаванні.

milinkevich.org

Пакінуць адказ