Культура

Расказвайце дзецям казкі

У сеціве з’явіліся «Беларускiя народныя казкі для дзетак» — праект Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), прымеркаваны да 20-годдзя Канвенцыі аб правах дзіцяці.

Канвенцыя пабачыла свет 20 лістапада 1989 года, яе падпісала 191 краіна. Гэты дакумент з’яўляецца адным з прызнаных міжнародных пагадненняў па правах чалавека. Адным з першых міжнародных актаў, да якіх далучылася незалежная Беларусь у 1991 годзе, была якраз Канвенцыя аб правах дзіцяці. На яе падставе у нашай краіне ў 1993 годзе быў прыняты закон «Аб правах дзіцяці».

Праект ЮНІСЕФ прадстаўляе старадаўнія беларускія казкі, знойдзеныя ў розных рэгіёнах Беларусі музыкантам і кіраўніком гурта «Палац» Алегам Хаменкам, які амаль 20 гадоў збіраў фальклор па ўсёй Беларусі: песні, легенды, прымаўкі, паданні і казкі. Размалявала 19 цудоўных гісторый мастачка Юлія Рудзіцкая.

Права дзіцяці на ўвагу — гэта адно з правоў чалавека, якім яно валодае. Казка і добрая размова — простае і вельмі людскае праяўленне яго. Махнеш цудоўнай палачкай на сайце направа — пабачыш адну казку, махнеш налева — іншую. Можна слухаць, можна качаць тэкст, аудыёфайл, для кожнай казкі есць свая размалёўка.

Алег Хаменка кажа, што дзеці з самага дзяцінства хочуць, каб з імі пагаварылі і распавялі ім штосьці цікавае: «Але сённяшні імклівы час дыктуе новыя ўмовы. Кажуць, сёння бацькі гавораць са сваімі дзецьмі толькі 15 хвілін за дзень».

Беларуская казачная спадчына — бяздоннае багацце простай і прыгожай мудрасці, кажа Хаменка. «І вельмі важна зразумець, — лічыць музыкант, — што гэтае багацце не толькі ў тым, каб даць дзецям кніжку з казкамі і загадаць чытаць, а ў тым, каб вы самі распавялі вашаму дзіцяці пра гонар і здраду, моц і бязлітаснасць, мужнасць і цуды. І тады вашыя дзеці будуць паважаць не толькі вас, але і сваю зямлю, сваю краіну. А можа, стануць больш падрыхтаванымі да жыцця. Таму што ў гэтых казках ёсць падманы і шчырасць, мэтанакіраванасць і гультайства, багацце і беднасць, мудрасць і глупства».

У сваю чаргу прадстаўнік ЮНІСЕФ Юрый Аксамітны падкрэслівае, што дзіця мае права на зносіны і на ўвагу, на паўнавартаснае развіццё, на выяўленне сябе, на адпаведную свайму ўзросту і зразумелую ў гэтым узросце інфармацыю, а таксама на вывучэнне культуры свайго народу: «Усё гэта ёсць у казках. Дзяцінства немагчыма ўявіць без казак, якія табе расказваюць тата і мама, бабуля ці дзядуля, ці добрая выхавацелька, калі бацькоў няма побач».

Ён падкрэслівае, што казкі — «гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі вашага дому, а вы і ваш час належаць толькі вашым дзецям. Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але вашая ўвага, вашыя абдымкі, вашая сіла і абарона, вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбныя вашым дзецям».

Алена Спасюк. “Белорусские новости”.

kazki

Расказвайце дзеткам казкі. Беларускія казкі.

Пакінуць адказ