Культура

“Стары Ольса”: 10 год сярэднявечча

Назва — ад ручаю ў Заходняй Магілёўшчыне. Першы склад гурту ў 1999 годзе быў створаны гомельскімі музыкамі. Як музыкі пражылі гэтыя гады, што нажылі і куды маюць намер рухацца далей?

Рэпертуар складаецца з беларускіх народных баладаў, ваярскіх песень, твораў кампазітараў эпохі Рэнесансу, кампазіцыяў з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі (“Полацкі сшытак”, “Віленскі сшытак”, “Берасцейскі канцыянал”), беларускіх кантаў і еўрапейскіх папулярных мелодыяў эпохі Сярэднявечча і Рэнесансу.

Музыка гурту выконваецца на копіях старадаўніх інструментаў. У арсенале “Старога Ольсы” дуды, ліра, гуслі, жалейка, лютні, цыстры, шалмеі ды іншыя інструменты.

На думку кіраўніка гурту Зьмітра Сасноўскага, папулярнасць модэрн-фольку, які грае “Стары Ольса”, у Беларусі пакуль што малая. Затое гэтая музыка вельмі папулярная ў ахвотных скарыстаць яе ў камерцыйных мэтах, не зважаючы на аўтарскія правы:

“Радыё Бі-Эй” зрабіла рэкламны ролік і пусціла яго ў эфір. Мы зрабілі усё, як патрабуе ў гэткіх выпадках закон: запісалі цэлы фрагмэнт эфіру, дзе пасярод навін ідзе рэкламны блок з гэтым вось ролікам, прыйшлі з заявай у аўтарскае таварыства. А “Радыё Бі-Эй” сказала: “А нам па барабане, гэта ж народная музыка, а ня ваша”. Мы кажам: “Гэта ж старадаўняя музыка, паводле закону, той, хто гэтыя ноты расчытаў і выканаў, таго і правы”. У кожным разе, прынамсі сумежныя правы як выканаўцаў парушаныя. Аўтарскае таварыства прапанавала звяртацца ў суд. Але траціць на гэта час, сілы і грошы мы ня сталі”.

Цягам 10-годздзя склад гурту шмат разоў мяняўся, некаторыя музыкі сыходзілі ў іншы кірунак музычнай дзейнасці, засноўваючы свае ўласныя музычныя праекты. Прыкладам, Кася Радзівілава сёння займаецца дзіцячым гуртом “Рарог”:

“Я патрыёт, я вельмі хачу, каб у Беларусі існавала гістарычная музычная спадчына, і пачынаць трэба — з дзяцей. З дзецьмі вельмі цікава працаваць, гэта маленькія дарослыя, якія інакш крыху ўсё ўспрымаюць. У іх няма бар’ераў, перашкодаў, як у некаторых дарослых: вось, я хачу, але ў мяне не атрымаецца тое, тое… А дзіця бачыць інструмент, у яго загараюцца вочы: “О, жалейка! Я хачу, я магу!” І ён пачынае граць, не усведамляючы, што нешта цяжка, нейкіх перашкодаў перад сабой ня бачаць, і таму атрымліваецца лягчэй. З імі вельмі цікава працаваць, і ў іх варта шмат чаму павучыцца”.

Пры канцы лістапада выйдзе дыск “Найлепшае”, прымеркаваны да юбілею “Старога Ольсы”. А 28 лістапада, у суботу, усіх прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі запрашаюць на імпрэзу “Старога Ольсы” ў канцэртнай залі “Менск”. Пачатак — а 19-й гадзіне, кошт квіткоў — ад 15 да 35 тысяч рублёў.

Паводле “Радыё Свабода”.

Stary Oljsa2

Гурт сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса"

Пакінуць адказ