Культура

Першая беларуская псіхалагічная драма

Прэзентацыя першай беларускай псіхалагічнай драмы адбылася нядаўна ў Мінску. Стужка мае назву “Інсайт”.

Як псіхалагічны тэрмін, назва фільму азначае “ўспышка”. Гэта карціна належыць рэжысёрцы Рэнаце Грыцковай. Фільм раскрывае праблему ўнутранай адзіноты чалавека і расстаўляе кропкі па глабальных пытаннях наўмыснага зла і маладушнасці.

Псіхалагічна драма “Інсайт” з’яўляецца своеасаблівым эксперыментам. Знакаміты ўкраінскі акцёр Багдан Ступка, які сыграў адну з галоўных роляў, адзначыў, што ў гэтым фільме “ёсць шмат псіхалагічных момантаў, якія амаль незаўважныя, да таго ж у фільме ёсць нешта чэхаўскае і вельмі своеасабліва і трапятліва паказаныя стасункі паміж людзьмі”.

Сюжэтная лінія

Сюжэт пабудаваны на паралелях і ўспамінах, прычым былы час зняты сепіяй, а сучаснасць паказана каляроваю. Дзяўчына, якая прыязджае ў іншы горад да свайго бацькі, якога ніколі не бачыла, пасля становіцца паспяховым у прафесіі псіхатэрапеўтам і няшчаснай у асабістым жыцці жанчынай. Чалавек, да якога яна прыехала, адмаўляе, што з’яўляецца яе бацькам. Але яна ведае гісторыю маці, якая памерла, толькі пра гэтага мужчыну. І паколькі дзяўчыне няма куды ехаць, яна застаецца ў новага знаёмага. Праходзіць час і паміж сталым мужчынам і дзевятнаццаці гадовай дзеўчынай пачынаецца раман – вельмі рамантычны, дзе клопат паказаны на фоне толькі што створанаю ёю ўтульнасці і яго бясконцых чарцяжоў, схем і планаў. У адзін дзень яна прачынаецца і бачыць на стале ключы ад кватэры, стос грошаў і цыдулку са словамі “Не шукай мяне!”.

Праз шмат год, калі яна стала разліковай, строгай і нават у чымсьці цынічнай жанчынай, яе кліентам становіцца стары дзядуля, які пакутуе на амнезію. І вось гэты стары чалавек, які ледзь ходзіць і засталося жыць яму зусім мала, расказвае ёй пра сваё бачанне Сусвету і ўзаемадносінаў чалавека і Бога.

Тое, што чапляе і заварожвае ў фільме

Гэта фільм, дзе ігра акцёраў настолькі прафесійная, што складана сабе пасля сказаць, што гэта адно толькі кіно. Глядач убачыць ролі знакамітых Ірыны Разанавай, Багдана Ступкі, Аляксея Шыдзько і дэбыют беларускай актрычы Аксаны Лясной. Вельмі жыццёва, у чымсьці трагічна, бо здраджваюць блізкія людзі, у чымсьці аптымістычна, бо людзі, якія асуджаныя лёсам на кароткае жыццё, мараць нарадзіць дзіцёнка…

Падсумоўе

У фільме гучыць вельмі важная думка пра тое, што наўмыснае зло – гэта жудасна, але горш можа быць толькі зло, якое робіш, не задумваючыся. Гэта маладушнасць, неўважлівасць, абыякавасць, – тое, чым сучаснае грамадства надзеленае звыш… Але разам з тым у фільме ёсць прасвет і надзея, што не бывае паняцця “позна змяніць жыццё”.

Галоўная гераіня псіхатэрапеўт Ганна сустракае ўсё ж свайго каханага, які калісьці пакінуў ёй сумную цыдулку. Аказваецца, ён быў зусім побач. Але яна зразумела гэта позна. І ёй трэба жыць новым жыццём.

Юрак Талашка. Паводле “МОЛАДЗЬ.ORG”.

insajt

ІНСАЙТ

Пакінуць адказ