Грамадства

Прысуд за дабрачыннасць адкладзены

У судзе Ленінскага раёна Берасця сёння разглядалася справа Аляксандра Казлянкі, які быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за тое, што… карміў інвалідаў, пенсіянераў, ды людзей без вызначанага месца жыхарства.

Аляксандр Казлянка

Аляксандр Казлянка

Кожную нядзелю на адным і тым жа месцы па вуліцы Куйбышава недалёка аўтавакзала і Свята-Мікалаеўскай царквы збіраюцца розныя людзі, каб паесці гарачага. Прыкметна, што сюды прыходзяць людзі не толькі без пэўнага месца жыхарства, але і тыя, хто маюць дах над галавой, але не могуць забяспечыць сябе кожны дзень нармалёвым харчаваннем – звычайныя пенсіянеры альбо інваліды. А тут, дзякуючы неабыякавым маладым людзям, задарма можна паесці гарачай бульбы альбо кашы з гароднінай. Даюць тут і хлеб, і гарбату. Падобную міласэрную акцыю пад назвай “Ежа замест бомбаў” група берасцейскай моладзі ладзіць ужо тры гады запар.

Праблем з міліцыяй у маладзёнаў ніколі не было. Але 8 лістапада Аляксандра Казлянку з сябрамі затрымалі (нібыта за правядзенне масавага мерапрыемтсва) і завезлі ў РАУС. У маладых людзей узялі тлумачэнні і адпусцілі. Аляксандр у сваю чаргу напісаў скаргу на дзеянні міліцыянта, які яго затрымліваў, Мікалая Сідарука. Капітан міліцыі пры затрыманні паводзіў сябе вельмі нахабна – не прадставіўся, сарваў плакат з надпісам “Ежа замест бомбаў”, выхапіў пашпарт з рук Казлянкі. Па меркаванні апошняга, менавіта гэтая скарга і сталася прычынай таго, што праз дзесяць дзён пасля затрымання Аляксандра зноў вызвалі ў аддзяленне міліцыі і саставілі пратакол па артыкуле 23.34 адміністратыўнага кодэкса – парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання.

Судовае паседжанне па справе Аляксандра Казлянкі, якое праходзіла сёння ў судзе Ленінскага раёна Берасця, было вельмі напружаным і нэрвовым. Суддзя Рэуцкі часам паводзіў сябе некарэктна і нават агрэсіўна. Спачатку адхіліў хадатайства падсуднага аб тым, каб мець на судзе свайго прадстаўніка – Уладзіміра Малея, пасля чаго ўвоўгуле выгнаў апошняга з судовай залі. Падчас разгледжання справы Рэуцкі ўвесь час схіляў Аляксандра Казлянку да сацыяльна-палітычнага кантэкста, намагаўся ўсе яго словы інтэрпрэтаваць па-свойму, аказваў на падсуднага псіхалагічны ціск. Але прысуд так і не быў вынесены. Паколькі некаторыя факты, пазначаныя ў пратаколе, на судзе не спраўдзіліся, справу накіравалі на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС.

0 Comments

Пакінуць адказ