Пасля паніхіды па ахвярам галадамору ў Свята-Мікалаеўскай царкве Берасця каля 20-ці прадстаўнікоў украінскай грамады накіраваліся ў Генеральнае консульства Украіны ў Беларусі, дзе далі пачатак стварэнню новай арганізацыі.
Тут адбыўся сход па пытаннях падачы дакументаў на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання “Украінскі Дом”.
Ініцыятыўная група па стварэнню грамадскай арганізацыі “Украінскі Дом”, якая бачыць сваёй асноўнай задачаю культурна-эканамічнае супрацоўніцтва паміж Берасцейшчынай і Украінаю, а таксама падтрымку украінскай грамады рэгіёну за 3 месяцы працы падрыхтавала неабходныя нарматыўныя паперы для рэгістрацыі, адзначае адзін з удзельнікаў і арганізатараў сходу Віктар Місіюк:
– Аб’яднанне мусіць стаць моцнаю базаю, цэнтрам для існавання іншых арганізацый: навуковых, культурных, асветніцкіх. Аб’яднанне будзе займацца эканамічнымі стасункамі паміж рэгіёнамі Берасцейшчыны і Украіны.
Арганізатары спадзяюцца, што да канца 2009 года яны атрымаюць рэгістрацыю і з новага 2010 года пачнецца плённая праца з ужо знойдзенымі партнёрамі.
Зміцер Кісель, Радыё Рацыя.
Украінцы ўсіх краінаў – яднайцеся!