Культура

Даеш 50% музыкі на роднай мове

Трэба замянiць у нашым радыёэфiры 75 % беларускай музыкi на 50 %— беларускамоўнай! З такой прапановай прадзюсар i кампазiтар Яўген Алейнiк звярнуўся ў Мiнiстэрства культуры.

Яўгена Алейнiка нельга назваць навiчком у шоу-бiзнэсе. Яго песнi спяваюць як беларускiя выканаўцы — гурт “Аurа”, маладыя Алена Ланская i Iван Буслай, заслужаныя Iрына Дарафеева i Iна Афанасьева, так i замежныя — Нэлi Чабану (Малдова), Надзея Бабкiна (Расiя), рэпер Dооbiе (ЗША)… Менавiта Алейнiк аранжыраваў першыя песнi “Аtlаntiса” i сумесна з бiзнэсменам Аляксандрам Шакуцiным распрацаваў канцэпцыю прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”. Да таго ж спрадзюсаваная Алейнiкам песня Аляксея Жыгалковiча “З сябрамi”, як мы памятаем, прынесла Беларусi другую перамогу на дзiцячым “Еўрабачаннi-2007”, а самому кампазiтару — падзяку Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, атрыманую ў 2008 годзе. Так што, калi гэты чалавек сцвярджае, што ў Беларусi шоу-бiзнэс ёсць, але кволы i бездапаможны — да яго меркавання варта прыслухацца.

Тым больш, Алейнiк справядлiва вырашыў: не трэба чакаць, пакуль прыляцiць чараўнiк на блакiтным верталёце — i сам прыйшоў з канкрэтнымi iдэямi па рэанiмацыi беларускага шоу-бiзнэсу ў Мiнiстэрства культуры. У прыватнасцi, кампазiтар i прадзюсар прапанаваў:

— арганiзаваць i правесцi нацыянальную музычную прэмiю, якая стымулявала б беларускiх выканаўцаў працаваць больш якасна i вынiкова;

— абавязаць рэстараны i кавярнi, якiя выкарыстоўваюць радыё цi тэлебачанне, адлiчваць пэўны працэнт у аўтарскае таварыства з тым, каб гэтыя ўстановы былi зацiкаўленыя ў запрашэннi “жывых” выканаўцаў, а не пракручваннi запiсаў;

— зрабiць квоту для беларускай музыкi на радыё меншай, але замянiць фармулёўку “беларуская музыка” на “беларускамоўная”.

Каб даведацца, што падштурхнула папулярнага кампазiтара да такiх рэвалюцыйных настрояў i цi што-небудзь зменiцца, калi iх ажыццявiць, я дамовiлася на асабiстую сустрэчу з Яўгенам Алейнiкам.

— На музычны “застой” i слухачы, i артысты не першы год скардзяцца. Чаму ж гэты паход да мiнiстра адбыўся толькi цяпер?

— Па шчырасцi, з маiм сябрам, сенатарам Аляксандрам Шакуцiным мы проста пайшлi павiншаваць добра знаёмага яму чалавека з прызначэннем на пасаду мiнiстра. Для Шакуцiна гэта была сяброўская сустрэча, а для мяне — шанц пазнаёмiцца з маладым i прагрэсiўным, якi доўгi час жыў у Еўропе, якi прапагандуе павагу да нацыянальнай культуры i мовы, мiнiстрам культуры.

— I як мiнiстр успрыняў прапановы — як ветлiвы чалавек выслухаў i пакiваў, або адразу штосьцi ўхвалiў цi раскрытыкаваў?

— Сустрэча ў нас была не адна, таксама мы сустракалiся ў рабочай атмасферы ў студыi, а потым я запiсаўся да яго на прыём i выказаў свае прапановы. Спадзяюся, калi сфармулюю ўжо канкрэтныя аспекты ў пiсьмовай форме, зноў трапiць на прыём i абгаварыць усё больш дэталёва. Павел Паўлавiч Латушка, безумоўна, дыпламат, таму паставiўся прыязна i пайшоў на кантакт, што, мне здаецца, ужо вялiкi пазiтыўны зрух — да былых мiнiстраў цяжка было патрапiць нават у прыёмную… Але ёсць занепакоенасць, што сама мiнiстэрская структура, асаблiва на месцах, будзе супрацiўляцца пераменам.

Ад iмя шоу i бiзнэсу

— Адну з прапаноў — арганiзаваць музычную прэмiю — я чула ўжо неаднойчы ад розных прадзюсараў. Здавалася б, што перашкаджае вам аб’яднацца i правесцi такую прэмiю — хоць бы на базе прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”? Цi неабходна абавязкова, каб гучала слова “нацыянальная”?

— Абавязкова. Каб была дзяржаўная падтрымка, iнфармацыйная падтрымка вялiкага тэлеканала. Да таго ж прэмiю, у назве якой выкарыстоўваюцца азначэннi “нацыянальная” цi “беларуская”, трэба рэгiстраваць — а нiхто не дазволiць зрабiць гэта прыватнай арганiзацыi або суполцы прадзюсараў i кампазiтараў. А сэнсу рабiць чарговы “Белазаўскi акорд” я не бачу. На маю думку, уся соль нацыянальнай прэмii ў тым, каб заахвочваць людзей па факце зробленай працы. Напрыклад, цэлы год нейкi iмiджмейкер перафарбоўваў i стрыг розных “зорак” (прычым па таксе, разоў у 20 нiжэйшай, чым нават у суседнiм Кiеве) — чаму б не адзначыць яго як “Лепшага стылiста года”?

— А хто будзе ацэньваць удзельнiкаў? У нас якi адбор нi пачынаецца — на тое ж “Еўрабачанне” — адразу ўсiм усё зразумела, памiж якiмi “мастадонтамi” разгорнецца барацьба на гэты раз: самi сябе выбралi, самi сябе ўзнагародзiлi… Што зменiцца з дзяржпадтрымкай?

— Я спадзяюся, што калi мая iдэя будзе ўспрынятая правiльна, то сiстэма адбору ўдзельнiкаў будзе татальная, а не кропкавая. Замест таго, каб узяць 5 ужо даўным-даўно ўзнагароджаных, заслужаных i народных артыстаў i падзялiць прэмiю памiж iмi, трэба правесцi празрысты адбор па пэўных крытэрыях — колькасць ратацый на радыё, колькасць i якасць знятых клiпаў, колькасць канцэртаў, створаных песень i г.д. Гэта лiчбы, якiя нельга перакруцiць. Калi чалавек запiсаў за год 50 песень, якiя гучаць на радыё кожныя 20 хвiлiн, — ён не можа прайграць таму, хто напiсаў апошнюю песню 15 гадоў таму. Мне здаецца, варта паспрабаваць стварыць такую прэмiю — Першую нацыянальную, шчырую i адкрытую. Што ўзяць за ўзор? Безумоўна, “Оскар” — у iм удзельнiчаюць найлепшыя з лепшых, прафесiяналы па меркаваннi прафесiяналаў.

— Тады трэба прадумаць i адпаведную ўзнагароду.

— Праца! Узнагародай для чалавека, якi напiсаў 50 песень, можа стаць, скажам, прапанова напiсаць песню для “Еўрабачання”, для таго, хто даў за год 100 канцэртаў i палову крывi згубiў на выбiваннi ўсiх дазволаў i пасведчанняў — даць iльготныя ўмовы арганiзацыi гастроляў, найлепшаму маладому выканаўцу — магчымасць запiсаць песнi ў лепшай студыi, найлепшаму iмiджмейкеру — уласны салон, i г.д. Ну, i прызавая статуэтка, не без гэтага. А грошы… Мне здаецца, трэба даць не грошы, а магчымасць iх зарабляць, працаваць i развiвацца. Бо цяпер ёсць многа магчымасцяў, якiя не выкарыстоўваюцца. “А хто вам перашкаджае, прыходзьце i працуйце” — гэта пустыя словы. Мы нядаўна здымалi клiп на нашу 100-ю песню, напiсаную сумесна з Юляй (Юлiя Быкава — жонка прадзюсара, паэтка i салiстка гурта “Аurа”. — Аўт.), i я патэлефанаваў у ДАI, папрасiў даць адну машыну суправаджэння. Мне ветлiва сказалi: “У нас няма такой магчымасцi, тэлефануйце ў ДАI райвыканкама”. — А там накiравалi ў абласны — i так па ланцугу. I мы проста знялi клiп нелегальна.

50 працэнтаў свайго

— Яшчэ адна з прапаноў, якую асабiста я вiтаю абедзвюма рукамi — увесцi на радыё не 75 % беларускай музыкi, а 50 — беларускамоўнай. Але ж пачынаць трэба з сябе. Колькi ў гурта “Аurа” беларускамоўных песень?

— Дзве. “Мацi” i “Ноччу на Купалле”. Апошняя ў 2006 годзе ўдзельнiчала ў фестывалі Еurоdаnсе i ўвайшла ў 40 найлепшых танцавальных кампазiцый Еўропы, але, калi я насiў яе па беларускiх FM-станцыях, усе пакрывiлiся, пачуўшы беларускую мову. Я заўважыў, што ў беларускай мовы ёсць такая асаблiвасць — яна любую песню ператварае ў сур’ёзную з’яву культуры, бо музычнасць нашай мовы, упэўнены, вышэйшая, чым рускай цi англiйскай. Гэта раўназначна таму, калi самы просценькi малюнак перанесцi на дарагое палатно выдатнымi фарбамi… Але нават калi перакласцi на беларускую мову папулярную англамоўную песню, трэба змагацца, даказваючы радыёстанцыям, што гэта крута.

— Вось паслухай, — спахапляецца кампазiтар, — мы з Вiцем Рудэнкам напiсалi для Iвана Буслая беларускамоўную песню “Я захлынаюся”.

Слухаю. У прынцыпе падабаецца. Але цi хопiць такiх песень, каб запоўнiць палову радыёэфiру? “Хопiць, аўтараў насамрэч вельмi многа, — пераконвае мяне Алейнiк. — Проста песнi на беларускай мове рацiруюцца горш, вымушаючы iсцi па лёгкiм шляху — пiсаць тое, што запатрабавана. А калi запатрабавана будзе якраз беларускае — яны будуць падтрымлiваць мову. I нават Надзея Бабкiна, каб трапiць у шчыльную ратацыю ў Беларусi, вымушаная будзе пераспяваць песню на беларускай, i гэта будзе слухацца больш патрыятычна, чым творы людзей, якiя калiсьцi жылi ў Беларусi, потым з’ехалi, але ў нас на радыё працягваюць лiчыцца беларускiмi артыстамi”.

— Калi ў Англii, у бары ў Лiверпулi ўстаць i сказаць: “Французская музыка найлепшая ў свеце!” — могуць забiць. А наш талерантны слухач прывык да таго, што найлепшая музыка — замежная. А ў Еўропе, наадварот, нiкому не цiкавыя беларускiя выканаўцы, якiя спяваюць не на роднай мове. Застаецца нашых прывучыць да свайго, як гэта робiцца з праграмай iмпартазамяшчэння ў харчовай прамысловасцi — i праз 5-10 гадоў у людзей ужо складзецца iншы стэрэатып, што наша — добрае.

Не блытайце “жывы гук”
з караоке

— Навошта ўвогуле патрэбна дзяржпадтрымка шоу-бiзнэсу — можа, лепш няхай пройдзе натуральны адбор i выжыве наймацнейшы? Асабiста табе моцна дапамагла атрыманая Падзяка Прэзiдэнта?

— Безумоўна. Мяне цяпер не так хутка выганяюць з кабiнетаў, — смяецца Яўген Алейнiк. — А падтрымка патрэбная. Бо Беларусь знаходзiцца ў вельмi нявыгадным геапалiтычным становiшчы з пункту гледжання фармiравання нацыi. Выдатна, што праз нас праходзяць транзiтныя гандлёвыя шляхi, але i ўсе войны за апошнiя 5 стагоддзяў таксама прайшлi праз Беларусь туды-сюды: шведы, палякi, рускiя, немцы — хто толькi не задавольваў свае амбiцыi на нашай тэрыторыi. А як толькi тэрыторыя акупуецца, адразу знiшчаюцца ўсе свабодалюбiвыя i прагрэсiўныя людзi… Таму Беларусь стала такой спакойнай i мiрнай краiнай, адсюль i з’явiлася наша знакамiтая прыказка “толькi б не было вайны”. У гэтым феномене асноўная праблема беларусаў у тым, што мы ўспрымаем усё намнога павольней, чым любыя iншыя нацыянальнасцi, i калi для ўкаранення новаўвядзенняў дзесьцi патрэбны год, то ў нас тры, а то i пяць. Колькi не маглi прыняць увядзенне 75 %? А дзякуючы iм з’явiлiся новыя гурты, новыя iмёны — можа, i нямнога, але яны ёсць. Украiна ўвогуле поўнасцю закрыла музычны рынак на пачатку 90-х — i калi ласка, у iх цяпер такi росквiт нацыянальнай культуры! Абмежаваць свабоду выбару цяпер мы не здолеем — ёсць iнтэрнэт, таму змагацца можна, толькi стварыўшы iльготныя ўмовы для сваiх артыстаў, гэта ўзмоцнiць канкурэнцыю i выжывуць, як ты кажаш, наймацнейшыя, самы якасны прадукт. А яшчэ трэба пацiху мяняць менталiтэт. Увесцi абавязковую музычную адукацыю, як гэта зроблена ў Швецыi. Стварыць дадатковыя пляцоўкi для артыстаў — калi лiцэнзаваць радыё i тэлевяшчанне, то ўладальнiкi кавярняў i рэстаранаў будуць выбiраць, заплацiць за лiцэнзiю на выкарыстанне радыё альбо заплацiць гурту, якi штовечар будзе выступаць у iх жыўцом. Падцягнуць прававое поле — жорсткая абарона аўтарскага права, пратэкцыянiсцкiя законы для сваiх i г.д. 3—4 законы, некалькi распараджэнняў, дэкрэты — i ўсё пачне працаваць. Так рабiлася ва ўсiм свеце, i я ўпэўнены, што гэта будзе дзейнiчаць i ў нас.

— Хочаш, каб было зроблена добра — пачнi рабiць гэта сам. Што асабiста ты гатовы зрабiць у iмя агучаных iдэй?

— Я сабраў жывы калектыў, набыў абсталяванне, зняў дом для рэпетыцый. Гэта абышлося ў буйную суму, якую наўрад цi ўдасца хутка адбiць. Але гэта дазволiць працаваць сапраўды жыўцом, а не спяваць пад караоке. Бо ва ўсiм свеце тое, што мы называем “жывы гук”, — голас паверх фанаграмы — называецца ка-ра-оке. Жыўцом — гэта выйсцi i сыграць, i мы так будзем рабiць. Наступны пункт: усiм сваiм заказчыкам я прапаную пiсаць песнi на беларускай мове. За гэты год мы напiсалi 7 беларускiх песень для розных артыстаў. Калi год цi два таму я iшоў па шляху найменшага супрацiўлення, то цяпер бачу, што трэба прапагандаваць мову, проста неабходна дапамога аднадумцаў i дзяржавы. Калi яна будзе — то сiтуацыя паступова пераломiцца.

Пераломiцца, перамелецца… Хацелася б, каб з гэтага ўрэшце атрымалася мука — i хлеб, у сэнсе, шмат добрай музыкi, а не толькi пыл размоў.

Звязда

Пакінуць адказ