Набліжаецца Новы год, час, калі народныя гулянні дасягаюць свайго піка. Многія людзі ўжо задумваюцца, як бы адзначыць свята так, каб запомнілася на ўсё жыццё. Тут у ход ідуць самыя розныя ідэі.
А апошнім часам да нас з Расіі прыйшла модная забава – запрасіць да сябе на свята зорку эстрады.
Сапраўды, калі расійскія алігархі могуць дазволіць сабе запрасіць дзецям на свята самых вядомых зорак у ролі Дзеда Мароза, то чаму б і нам не паспрабаваць?
Праўда тыя расійскія алігархі могуць дазволіць сабе выкласці за такую паслугу чамадан грошай, чаго наўрад ці можам дазволіць сабе мы, простыя беларусы, якія не маем нафтавых свідравін у запасе.
Але тэарэтычна, такія мары ажыццявімыя нават і ў нас. Тут трэба ўлічваць тое, што нашыя зоркі, таксама, не гэтакія патрабавальныя, як расійскія.
Давайце ж паглядзім, колькі “каштуюць” беларускія зоркі ў навагоднюю ноч. Тут нам дапаможа сайт mojazarplata.by, які збірае інфармацыю на тэмы, што тычацца зарплаты, а таксама даходаў вядомых людзей, зоркак і іншых.
Сайт падкрэслівае, што напярэдадні Новага году ганарары беларускіх зорак узрастаюць у 2-3 разы.
Вельмі папулярны беларускі гурт “J:Mors” за адну гадзіну выступлення ў Новы год возьме ганарар у памеры 11 мільёнаў беларускіх рублёў. За такую ж суму і на такі ж час вы можаце запрасіць гурты “Топлесс”, “Дрозды”. Гурт “Тяни-Толкай” гатовы выступаць на працягу 30-40 хвілін за 8 мільёнаў 800 тысяч рублёў, гурт “Bezbileta” возьме 6 мільёнаў 600 рублёў за гадзіну.
Спявачка Жанет будзе спяваць вам 10-15 хвілін за 1 мільён рублёў. А вядомы спявак, тэлевядучы, шоумен Дзмітрый Урангель усяго за 4 мільёны 400 рублёў будзе забаўляць вас аж 6 гадзін.
Вось у такіх рамках і аплочваюцца навагоднія выступленні беларускіх зорак. Таму калі вы доўга рыхтаваліся, збіралі грошы, каб яскрава адзначыць свята – то калі ласка, прымайце зорку ў хату!
Павел Дайлід. “Газета для вас”.