На выходных у Берасці завершыўся рэспубліканскі турнір па алтымат фрызбі. Перамогу святкавала менская каманда “ХЗ”, якой акурат у гэтыя выходныя споўнілася 3 гады. Берасцейскі “Фенікс”, на жаль, толькі чацвёрты.
Менавіта будучым пераможцам саступілі берасцейцы ў паўфінале (7:11), а ў матчы за трэцяе месца не здолелі перамагчы іншую сталічную каманду – “Спінін” (6:11). Другое месца заняў яшчэ адзін клуб з Менска – “Underdog”. Вынік фінала – 15:9 на карысць “ХЗ”.
Адзін з галоўных прызоў якога кольвек турніра па алтымат фрызбі – “Дух гульні” – атрымалі фіналісты “Underdog”. А самымі карыснымі гульцамі турніра (яшчэ адны традыцыйная ўзнагарода ў алтымаце) сталі Вадзім Слюсараў (“BSUltimate”) і Марта Чарнова (“Underdog”).
Выніковая турнірная табліца выглядае наступным чынам:
1. ХЗ (Менск)
2. Underdog (Менск)
3. Спінін (Менск)
4. Фенікс (Берасце)
5. BSUltimate (Менск)
6. ГУДаГАЙ (Менск)
7. Грынс (Гародня)
8. Фенікс-2 (Берасце)
9. Патруль (Менск)
10. Фенікс W (Берасце)
Наступны зальны турнір па алтымаце, на гэты раз міжнародны, адбудзецца 16-17 студзеня наступнага году ў Менску. Апроч беларускіх клубаў, у ім прымуць удзел каманды з Расеі і Украіны.