Грамадства

Чытайце мясцовыя самвыдаты!

На нашым сайце ў раздзеле “Самвыдат” можна пазнаёміцца з незалежнымі выданнямі Берасцейшчыны. Сярод іх газеты і бюлетэні: “Дзедзіч”, “Брэст-праўды”, “Юбілейка”, “Купалінка”, “Рэха Берасцейшчыны”.

Брэст-праўда. Выходзіць з красавіка 2006г. Першыя нумары прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам-2006 і масавым рэпрэсіям пасля іх. Газета пісала пра чыноўнікаў, якія спрычыніліся да незаконных затрыманняў і іншых рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычнага руху. Зараз на старонках “Брэст-праўды” – аб’ектыўная інфармацыя пра сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі і Берасцейскага рэгіёна. Падымаюцца камунальныя і іншыя праблемы берасцейцаў.

Дзедзіч. Моладзевае выданне, арыентаванае на берасцейскіх студэнтаў. Тэматыка: культура, гісторыя, экалогія, адпачынак, гумар. Натуральна, рэдакцыя пакідае за сабой права змяшчаць на старонках Дзедзіча крыху палітыкі. У газеце заўсёды рады вітаць артыкулы ад берасцейскіх студэнтаў на любыя цікавыя для моладзі тэмы.

Юбілейка і Купалінка. Маланакладныя выданні жыхароў мікрараёнаў “Усход”, “Завадскі” і “Кіеўка”, якія выходзяць пры падтрымцы Партыі БНФ. Тэматыка: лакальныя праблемы мікрараёнаў: добраўпарадкаванне, капрамонты, асвятленне, ЖКГ. Газеты вызначаюцца актыўнай зваротнай сувяззю з чытачамі, якія дасылаюць артыкулы, падказваюць тэмы для новых нумароў, дапамагаюць у распаўсюдзе. Рэдакцыі выданняў таксама рыхтуюць скаргі і дапамагаюць збіраць подпісы пад зваротамі жыхароў у органы ўлады з патрабаваннем вырашыць тыя ці іншыя праблемы.

Рэха Берасцейшчыны. Гісторыка-культурнае выданне. Мэтавая група – жыхары Берасцейшчыны, аматары гісторыі, краязнаўцы. Мэты выдання: папулярызацыя гісторыка-культурнай, краязнаўчай спадчыны Берасцейшчыны, выхаванне патрыятызму і любові да роднага краю, вывучэнне асаблівасцяў рэгіёну ў кантэксце агульнаеўрапейскай гісторыі.

Усе апошнія і старыя нумары выданняў шукайце ў раздзеле “Самвыдат”.

Пакінуць адказ