Моладзь

Студэнтаў пужаюць адлічэннем

Кіраўніцтва юрыдычнага факультэта БДУ, на якім навучалася прэс-сакратар «Маладога фронта», выклікае студэнтаў, якія збіралі за яе подпісы і падпісваліся, на «прафілактычныя размовы».

Студэнтам, якія збіраюць подпісы за аднаўленне ў БДУ Таццяны Шапуцькі, кіраўніцтва універсітэта пагражае чарговымі адлічэннямі. Сама ж прэс-сакратар «Маладога фронта» пакуль яшчэ не звярталася ў суд і чакае палітычнага рашэння, паведамляе «Радыё Рацыя».

Кіраўніцтва юрыдычнага факультэта БДУ, на якім вучылася Таццяна Шапуцька, а таксама студэнцкіх інтэрнатаў універсітэта працягвае ціснуць на студэнтаў, якія падпісаліся ў аднаўлення прэс-сакратара «Маладога фронта». Паводле актывісткі, яшчэ напачатку збору подпісаў намеснік дэкана юрфака Андрэй Шыдлоўскі пачаў выклікаць студэнтаў да сябе ў кабінет, дзе праводзіў «прафілактычныя размовы», пасля якіх маладзёны выходзілі ў слязах.

«Выклікаў да сябе намеснік дэкана і пагражаў, што яны «выляцяць» з універсітэта, а бацькі іх згубяць бізнэс. Прамым тэкстам. Былі пагрозы і вельмі шмат каму, і не толькі аднагрупніцам, але і іншым, асабліва хто збіраў подпісы», — распавяла Таццяна Шапуцька.

Нагадаем, што Таццяна Шапуцька была адлічаная з БДУ за ўдзел у форуме Усходняга партнёрства ў Брусэлі. Гэты выпадак выглядае абуральным нават на фоне звычайнай практыкі выключэння з беларускіх вну палітычна актыўных студэнтаў. Паколькі «Усходняе партнёрства» — ініцыятыва Еўрапейскага звяза, афіцыйна прынятая беларускім кіраўніцтвам. Нароўні з дзяржаўнымі структурамі да ўдзелу ў ёй запрошаная і грамадзянская супольнасць.

На форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краін і Еўразвяза, у тым ліку з Карлам Більдтам – міністрам замежных спраў Швецыі, краіны-старшыні Еўрапейскага звяза і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер. Яшчэ падчас працы форума, даведаўшыся пра пагрозу выключэння Таццяны з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднер і Карл Більдт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі Таццяну Шапуцьку і ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за развіццём падзей.

Пакінуць адказ