Праблема з пошукам працы для скончыўшых украіністыку ў Берасці будзе вырашаная ў выніку выканання пагадненняў падпісаных Лукашэнкам і Юшчанкам.
Такую думку выказалі ў Генеральным консульстве Украіны ў Берасці.
Факультэт украіністыкі ў Берасцейскім дзяржаўным універсітэце імя Аляксандра Пушкіна могуць ліквідаваць у 2010 годзе з-за таго, што выпуснікам няма месца для працы, але генеральны консул Украіны Іван Баранчык упэўнены, што трэба мець жаданне:
– Ёсць дамоўленасць паміж нашымі прэзідэнтамі. У момант апошняга візіту Лукашэнка ў Кіеў ён пацвердзіў, што будуць стварацца ўсе ўмовы для вывучэння ўкраінскай мовы ў Беларусі, а Віктар Юшчанка са свайго боку заверыў, што беларуская мова будзе вывучацца ва Украіне. Гэты факультэт ва універсітэце Брэста мусіць быць і нават мусіць быць абноўлены.
Пакуль усе гутаркі аб магчымых месцах працы, аб падпісаным моўным пагадненні ў Кіеве Лукашэнкам і Юшчанкам застаюцца ўсяго словамі, то справа аб ліквідацыі факультэта мае зусім рэальнае месца.