Святочная імпрэза з удзелам замежных гасцей пройдзе 4 лютага ў сядзібе-музеі Касцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына недалёка ад Косава Івацэвіцкага раёна.
Мясцовыя адзначаюць, што гэта дата стала днём своеасаблівага замірэння ідэйных апанентаў.
На Берасцейшчыне створаны аргкамітэт у падрыхтоўцы да святкавання 264-х угодкаў Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817) – аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага руху канца XVIII стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, імя якога вядомае далёка за беларускімі межамі. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі дэмакратычных партый, грамадзкіх аб’яднанняў, сферы культуры Берасцейскай вобласці.
Аргкамітэт ачоліў дэмакратычны актывіст з Кобрыну Аляксандр Мех. Па словах спадара Меха, ёсць ідэя зрабіць у перспектыве гэтае свята агульнанацыянальным, з запрашэннем на яго вядомых літаратараў, гісторыкаў, спевакоў і бардаў, грамадзкіх дзеячаў. Гэтым разам на імпрэзу запрошаныя пісменьнік Уладзімер Арлоў, бард Зміцер Бартосік, вядомыя палітыкі:
“Зараз я з’яўляюся старшынёй аркамітэту ў святкаваньні дня нараджэньня Тадэвуша Касцюшкі – нашага вялікага беларускага змагара за незалежнасць і за свабоду людзей. Уласна ўрачыстасці адбудуцца 4 лютага ў Косаве. Запрашаем туды ўсіх кіраўнікоў палітычных партыяў. Таксама туды заўсёды прыяжджаюць дыпламаты амбасады Злучаных Штатаў, амбасадары Францыі і Польшчы”.
Грамадзкі актывіст з Івацэвічаў Павел Дайлід перакананы: у выпадку з Тадэвушам Касцюшкам няма патрэбы чакаць круглай даты, каб аддаць даніну памяці земляку. Бо гэта штогадовая нагода прыгадаць: асобы такога маштабу з’яўляюцца ў гісторыі не так часта. А іхняя самаахвярная дзейнасць мусіць стаць узорам для змагароў цяперашняга пакалення:
“Чарговыя ўгодкі Тадэвуша Касцюшкі, якія будуць адзначацца 4 лютага, надзвычай важная падзея перадусім для жыхароў Івацэвіцкага рэгіёну. Тадэвуш Касцюшка ахрышчаны ў Косаўскім касцёле, ён зямляк наш. Таму заўсёды тут збіраецца вельмі шмат людзей мясцовых, акрамя таго, што прыяжджаюць прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, дыпламаты, прадстаўнікі ад улады. Але заўсёды прыходзіць і шмат мясцовых людзей з Косава, Івацэвічаў. Таму ўшанаванне Тадэвуша Касцюшкі вельмі важна яшчэ і для таго, каб у людзей захоўвалася памяць пра нашага змагара за свабоду”.
Спадар Дайлід падкрэслівае, што гэтая дата стала своеасаблівым “днём замірэння” ідэйных апанентаў. Цягам апошніх гадоў на падобных імпрэзах суседнічаюць як прадстаўнікі ўладнай вертыкалі, так і лідэры апазіцыйных партый:
“Кожны год 4 лютага туды і кіраўнікі партый прыяжджаюць, нават ускладаюць у бел-чырвона-белых стужках вянкі. І нічога, усё нармальна, хоць звычайна абапал кадэбісты стаяць. Але нікога не чапаюць, бо там жа і дыпламаты, і ўлады. Усе разам. Прынамсі, апошнія тры гады было без нейкіх інцыдэнтаў. ”
Апроч таго, напачатку лютага адзначаюцца чарговыя ўгодкі паўстання 1863 году пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На каталіцкіх могілках Косава захаваўся помнік паўстанцам, усталяваны ў 1928 годзе. Да гэтых знакавых падзеяў рэдакцыя гісторыка-краязнаўчага бюлетэню “Рэха Берасцейшчыны” выдала памятныя буклеты, прысвечаныя выбітным дзеячам Беларусі.
Ігар Карней, “Радыё Свабода”.
Нагадаем, што памятны буклет, выдадзены да дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі вы можаце спампаваць на сайце “Дзедзіч”.