Грамадства

Да Латушкі звярнуліся актывісты

«Актывісты былі абураныя тым, што пад знос быў выдзелены дом, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці», – распавёў Берасцейскі каардынатар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчэняк.

Прававую дапамогу жыхарам дома пачалі аказваць яшчэ ў снежні 2009. Тады вядомы берасцейскі праваабаронца, сябра Руху «За Свабоду» Сяргей Вакуленка дапамог жыхарам скласці калектыўны зварот да пракурора Берасцейскай вобласці: КУП «Берасцейскі гарадзкі цэнтр па кіраванні нерухомасцю» спрабаваў прадаць з аўкцыёна іх дом пад знос.

Пракуратура Берасцейскай вобласці накіравала актывістаў у гарвыканкам, адкуль прыйшоў нечаканы адказ. Апынулася, што на аўкцыоне прадавалася пад знос не гісторыка-культурная каштоўнасць, а “права на праектаванне і будаўніцтва капітальных будынкаў” у адной з перспектыўных плямаў забудовы. Такое “права” будзе цяжка рэалізаваць без пашкоджання дома №28.

Потым высветлілася, што на зямельных участках пад продаж мусяць быць пабудаваныя шматпавярховыя дамы падвышанай камфортнасці з аб’ектамі сацкультбыта на першым паверсе (Рашэнне Берасцейскага гарвыканкаму №1434 ад 27.07.2009).

Сёння актывісты Руху дапамаглі жыхарам скласці зварот да Міністра культуры, у якім просяць Паўла Латушку прыняць захады, прадугледжаныя Арт. 32 Закона “Аб ахове гітсторыка-культурнай спадчыны РБ”, каб адмяніць узгаданае рашэнне Берасцейскага гарвыканкаму, бо ім незаконна вызначаныя пад знос гісторыка-культурныя каштоўнасці.

“Дзеянні берасцейскай выканаўчай улады парушаюць Закон «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублікi Беларусь», які забараняе стварэнне пагрозы захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а тым больш іх знішчэнне”, – дадаў Турчэняк.

milinkevich.org

Пакінуць адказ