Прапанова беларускіх дэпутатаў пра адмену адтэрміноўкі ад войска для студэнтаў-платнікаў не знайшла падтрымкі і не ўвойдзе ў лік паправак у закон “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”.
На паседжанні працоўнай групы вырашана пакінуць тую частку законапраекта, якая датычыць адтэрміновак ад службы ў войску, без зменаў. Гэта значыць, адтэрміноўку мяркуецца адмяніць толькі для студэнтаў завочных формаў навучання.
Па словах Гумінскага, прапанова аб адмене адтэрміноўкі не знайшла падтрымкі ні ў Міністэрстве адукацыі, ні ў Адміністрацыі прэзідэнта, выклікала неадназначнае тлумачэнне ў грамадстве.
Разам з тым, ён падкрэсліў, што адмена адтэрміноўкі для студэнтаў-завочнікаў не будзе азначаць пагалоўнага набору ў войска ўсіх, хто вучыцца на завочных аддзяленнях. У войска возьмуць толькі столькі, каб даўкамплектаваць структуры да неабходнай колькасці прызыўнікоў, растлумачыў Гумінскі. Ён нагадаў, што студэнты атрымалі адтэрміноўку ад войска толькі ў 2007 годзе, а да гэтага ўсе ішлі ў войска.
Некалькі гадоў таму была іншая сітуацыя з лікам прызыўнікоў. Цяпер яна моцна змянілася. За апошні час лік мужчын, якім споўнілася 18 гадоў, прыдатных да вайсковага прызыву, штогод скарачаецца на 5-7%. Так, у 2007 годзе прыдатнымі да службы ў войску былі прызнаныя больш за 58% прызыўнікоў, у 2008-м — 49%, у 2009-м — амаль 41%. У бліжэйшыя 2-3 гады гэтая тэндэнцыя захаваецца.