Палітыка

Іван – вулічны драчун і “злостный хулиган”

У Берасці прыдумалі новы спосаб змагацца з няўгоднымі актывістамі апазіцыі. Нагадаем, 3 лютага па падазрэнні ў здзяйсненні бойкі быў затрыманы актывіст “Маладога Фронту” з Берасця Іван Стасюк.

Тады ён нават ня здолеў нікому паведаміць пра сваё затрыманне. 6 лютага Івана вызвалілі, пакінуўшы падазроным, і ён сам распавядзе пра новую методыку барацьбы з апазыцыяй. Гутарыў Аляксей Кавалёў.

АК: Іван, як усё пачалося?

ІС: 29 студзеня, напярэдадні сходу Маладога Фронту мне патэлефанавалі з УУС, прапанавалі сустрэцца. Я адмовіўся, паведаміўшы, што без позвы нікуды не пайду. Тады, увечары міліцыянты самі ўручылі мне позву на наступны дзень. На сход я не паехаў, а пайшоў у міліцыю. Там мне распавялі пра бойку, быццам бы дзесьці ў цэнтры 23 студзеня група асобаў збівала двух юнакоў (потым ужо быў збіты толькі адзін чалавек), а пра сведку, які потым зробіцца асноўным доказам дазнавальніка не было і слова ўпамянута.

Апытаўшы пра розныя моладзевыя плыні, мяне адпусцілі.

…але не на доўга. Праз некалькі дзён, 3 лютага мне зноў тэлефануе з УУС маёр С.В.Паўлюковіч, прапануюе сустрэцца, яшчэ высвятліць некалькі пытанняў. Ён сам заехаў за мной. Завезлі ў РАУС, там першай справай мяне фатаграфуюць, і апісаўшы ўсе мае рэчы, трымаюць тры гадзіны, пасьля чаго мне паведамляюць, што я падазраваны і вядуць да дазнавальніка капітана Дзмітрыя Аляксандравіча Кандрацюка. Там кажуць, што сведка бойкі (у бойцы паявіўся сведка – брытагаловы хлопчык невялікага росту. Ён праяжджаў на аўтамабілі, запыніўся, выскачыў з машыны і прыстрашыў байцоў міліцыяй, разагнаў удзельнікаў бойкі, як паведамляе следчы – ІК) апазнаў мяне па фатаздымку. Мяне зачыняюць у камеры на 72 гадзіны, абвінавачваюць у парушэньні 339-1 УК РБ.

АК: Чаму ты нікому не паведаміў аб тым, што цябе затрымалі?

ІС: Спр. Кандрацюк забараніў тэлефанаваць. Паведаміў, што званкі могуць перашкаджаць следчаму працэсу.

АК: На колькі нам вядома, ты запатрабаваў свайго адваката?

ІС: Так, я запатрабаваў свайго адваката, а так як ня мог сам яму патэлефанаваць, перадаў нумар тэлефона Кандрацюку, яшчэ перад маім арыштам.

АК: Ведаеш, ніхто ня ведаў, што цябе затрымалі. Выйшаў з дому і не вярнуўся. Маці ўзгадаўшы пра тое, што прыходзіла позва, на другі дзень пасля працы і завітала ў міліцыю. Там яна даведалася, што яе сын за кратамі. Там і пазнаёмілася з дазнавальнікам Кандрацюком, які ёй перадаў тэлефон адваката.

АК: Як стала вядома крымінальная справа была заведзена па факту бойкі 23 студзеня ў 23:30, каля крамы “Бергхаўз”. Дзе ты быў у гэты час?

ІС: 24 студзеня адбываўся сойм Маладога Фронту і я рыхтаваўся да яго. Дзесьці а восьмай вечара я паехаў на вакзал, набыў квіток, затым вярнуўся дамоў і пайшоў рана спаць, бо ехаў ранішнім цягніком у Менск.

АК: Якія следчыя мерапрыемствы праводзіліся падчас твайго ўтрымання ў няволі?

ІС: Следчых мерапрыемстваў практычна не было. На трэці дзень прыйшоў адвакат, мы з ім паразмаўлялі, а на наступную раніцу адбылася вочная стаўка, пасля чаго мяне выпусцілі.

АК: З нашай размовы можна зрабіць высновы, што падставай утрымліваць цябе ў турме ў следчага не было. Ты не ўхіляўся ад сустрэчаў са следчымі, у ІЧУ фактычна таксама не было ніякіх следчых эксперыментаў?

ІС: Так, і я гэтага не разумею.

АК: Як праходзіла вочная стаўка?

ІС: Мяне памясцілі ў пакой разам з адным хлапцом, які сядзеў са мной у турме і двума невядомымі. Сведка адразу паказаў на мяне. Яго апыталі па якіх прыкметах ён мяне апазнаў. На вочнай стаўцы прысутнічаў адвакат.

АК: Калі цябе адпусцілі?

ІС: Адпусцілі адразу пасля вочнай стаўкі, прыкладна пасля 69 гадзінаў утрымання ў няволі. Калі я вяртаўся то бачыў, як наш брытагаловы сведка па сяброўску размаўляе з адным опэрам.

АК: Якія былі ўмовы ўтрымання ў Ізалятары Часовага Ўтрымання?

ІС: Умовы былі звычайныя. Невялічкае падвальнае памяшканне, пакрытыя шубай сцены, шэсць нараў, столік, палічка, дырка ў падлозе, над якой іржавы ўмывальнік. Я папрасіў перавесці мяне ў камеру для тых, хто не курыць, але мне адмовілі. Колькасць людзей была ад 3-х да 5-ці. Дзённае святло амаль што не дасягала камеры, а лямпачка, што свяціла круглыя суткі, была вельмі тусклаю, пад яе немагчыма было чытаць. У душ і на шпацыр не выводзілі. Выдалі матрас, плет, падушку, якімі дазвалялі карыстацца з 20:00 да 6:00. Забралі абутак, замест яго выдалі нейкія сланцы, у якіх было вельмі холадна. Вентыляцыя зусім не працавала, таму ў камеры быў страшны смурод. Кармілі два разы на дзень, ежа была нізкай якасці, адчуваўся недахоп у вадзе, які кампенсавала перадача. Бялізну прынеслі толькі на трэці дзень, апошнюю ноч.(Падчас перадачы маці запыталася, ці маюць хлопцы матрас і бялізну. Доктар, які спужалася гэтага пытання адказала, што маюць, пасля гэтай размовы і перадалі ў камеру бялізну – АК).

Вось так, маладафронтаўца выпусцілі, а крымінальная справа павісла ў паветры. Іван, пагадзіўся з нашымі думкамі, што перад важнымі палітычнымі падзеямі яна будзе ўсплываць. Зусім, нядаўна хлопец прыняў рашэнне ўдзельнічаць у мясцовых выбарах кандыдатам. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны і пачаліся гэтыя праблемы з органамі правапарадку. Маладафронтавец не адмаўляецца ад удзелу ў кампаніі, а створаны ў яго абарону аргкамітэт будзе пільна сачыць за развіццём падзеяў.

Паводле mfront.net

Пакінуць адказ