Культура

Ушанавалі памяць Касцюшкі

4 лютага ў Марачоўшчыну каля Косава з’ехалася некалькі дзесяткаў людзей, каб удзельнічаць у свяце, прысвечаным 264-м угодкам Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя двух кантынентаў.

2 Majkl Skenlen

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлэн

У цэрэмоніі прынялі ўдзел часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлэн, генеральны консул Польшчы ў Брэсце Яраслаў Ксенжэк, саветнік пасольства Швейцарыі Дзітрых Драер, старшыня нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА, пасол па надзвычайных даручэннях МЗС Уладзімір Шчасны, высокія чыноўнікі Брэсцкай вобласці і Івацэвіцкага раёну. Ганаровымі гасцямі былі і прадстаўнікі польскага Фонду імя Тадэвуша Касцюшкі.

Акрамя таго, прысутнічалі на свяце прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці, дзеячы палітычных партый і рухаў, дзеячы культуры, гісторыкі, сярод якіх былі пісьменнік Уладзімір Арлоў і бард Зміцер Бартосік. Традыцыйна, сюды завіталі і нямала мясцовых жыхароў, а таксама прыехалі госці з Івацэвічаў, Бярозы, Баранавічаў, Брэста і іншых мясцін.

Да вялікага каменя з мемарыяльнай шыльдай Тадэвушу Касцюшку каля сядзібы дэлегацыямі былі ўскладзеныя вянкі і кветкі. Пасля гэтага афіцыйныя госці накіраваліся ў сядзібу-музей, дзе для іх была праведзена адмысловая экскурсія з праглядам дакументальнага фільма пра Касцюшку. Акрамя таго, у музеі была прадстаўлена выстава паштовых марак розных краін, прысвечаных Касцюшку і яго часу.

– Касцюшка – гэта частка нашай сумеснай гісторыі, гэта чалавек, які змагаўся за свабоду і быў увасабленнем лозунга “свабода, роўнасць, братэрства”, – адзначыў у сваім выступе ў сядзібе Касцюшкі генеральны консул Польшчы ў Брэсце Яраслаў Ксенжэк, – ён належыць усяму свету, але нарадзіўся ў гэтым месцы, таму вялікі гонар пабываць тут.

Падчас сваіх выступаў госці прэзентавалі свае падарункі музею, сярод якіх былі кнігі, малюнкі і нават манеты часоў Касцюшкі.

3 Uladzimir Arlou

Уладзімір Арлоў (другі справа) з рэгіянальнымі актывістамі

Паралельна з афіцыйным мерапрыемствам у музеі, каля мемарыяльнага каменя адбыліся імправізаваныя выступы кіраўніка партыі БНФ Аляксея Янукевіча, старшыні грамадскага аргкамітэту па ўшанаванні Тадэвуша Касцюшкі Аляксандра Меха. Выканаў патрыятычныя песні бард Зміцер Бартосік, а пісьменнік-гісторык Уладзімір Арлоў падчас свайго выступу падкрэсліў:

– Няма ніякага сумневу, што Касцюшка — нацыянальны герой Беларусі. Такім яго ўжо даўно лічыць патрыятычнае беларускае грамадства.

Усім прысутным падчас мерапрыемства былі раздадзеныя памятныя буклеты пра Тадэвуша Касцюшку, выдадзеныя рэдакцыяй гісторыка-краязнаўчага бюлетэню “Рэха Берасцейшчыны”.

5 Kalja pomnika Kalinoucam

Каля помніка паўстанцам Каліноўскага на каталіцкіх могілках каля Косава

Пасля ўшанавання памяці Касцюшкі і ад’езду паслоў і чыноўнікаў, прадстаўнікі грамадскасці накіраваліся на каталіцкія могілкі каля Косава, дзе ў 1928 годзе польскімі ўладамі быў усталяваны трохметровы крыж-помнік у гонар іншых паўстанцаў – касінераў Кастуся Каліноўскага. Справа ў тым, што 2 лютага адзначаліся ўгодкі пачатку паўстання 1863-1864 гадоў на Беларусі. На каталіцкіх могілках у Косаве пахаваныя паўстанцы, сярод якіх вядомыя прозвішчы Лукашэвіча і Красінскага.

Тут таксама былі ўскладзеныя кветкі, пасля чаго госці з розных мясцінаў паслухалі расповед мясцовых краязнаўцаў аб падзеях паўстання 1863 года на Косаўшчыне і бліжэйшых рэгіёнах.

Дарэчы, нехта з удзельнікаў гэтай урачыстасці адзначыў, што Каліноўскага на афіцыйным узроўні так не ўшаноўваюць таму, што ён не з’яўляецца амерыканскім нацыянальным героем.

Гэтую думку складана было аспрэчыць, але дэмакратычная грамадскасць згадзілася з тым, што нельга ацаніць каштоўнасць незалежнай дзяржаўнасці без асэнсавання тых подзвігаў, што здзейснілі і Касцюшка, і Каліноўскі дзеля яе здабыцця.

Таму такія супольныя мерапрыемствы ўсіх патрыётаў нашай Бацькаўшчыны павінныя ўскласці даніну павагі тым высокім ідэалам, за якія продкі не шкадавалі нават свайго жыцця.

4 Journalisty atakujucj dyplamata

Журналісты "атакуюць" амерыканскага дыпламата

Пакінуць адказ