Замежжа

Кожны трэці шукае ў Сеціве каханне

Брытанская карпарацыя BBC наладзіла апытанне амаль 11 тысяч карыстальнікаў Сеціва з 19 краінаў. Першыя вынікі апытання сведчаць, што 30% інтэрнэтчыкаў абіраюць Сеціва як прыдатнае месца для пошукаў кахання.

Цікава, што найбольш вераць у «сеціўнае» каханьне Індыя і Пакістан, дзе паказчык пошуку пары праз Сеціва сягае да 60%. У Гане — 47%, на Філіпінах — 42%.

У той жа час жыхары развітых краінаў меней вераць у поспех такіх пошукаў, таму ў Велікабрытаніі шукаюць каханне празь Сеціва 28% карыстальнікаў, у ЗША — 21%, у Паўднёвай Карэі — 16%.

Таксама на схільнасцях да рамантычных прыгодаў у Сеціве адбіваецца адукацыя. Прааналізавана, што сярод інтэрнэтчыкаў з вышэйшай адукацыяй пару сабе шукае 28%, а сярод карыстальнікаў без дыплому — 36%.

У цэлым, апытанне BBC тычылася і іншых відаў сацыяльнай актыўнасці ў Сеціве, але поўныя вынікі даследаваньня абяцаюць апублікаваць 8 сакавіка.

generation.by

Пакінуць адказ