Культура

У Берасце „Бліжэй да сонца”

15 сакавіка ў Брэсце адкрылася выстава жывапісу Мікалая Маеўсакага „Бліжэй да сонца”. На суд гледача выстаўлена больш за 50 твораў. Асноўная іх тэматыка – беларускія землі.

Як адзначыў М. Маеўскі, толькі дакрануўшыся позіркам да кожнага твора, чалавек зможа адчуць настрой і пачуцці, якія адчуў мастак пры напісанні карцін.

– У 1989 годзе я першы раз прыехала ў Берасце, – сказала госця з Нямеччыны М. Біндэр-Райнхольд, – і завітала на выставу беларускіх мастакоў. Мне вельмі спадабаўся адзін твор і я яго набыла. Гэта была карціна „Веснавыя кветкі” Маеўскага. Чаму мне спадабалася і запала ў душу менавіта гэтая? У нас у хаце ёсць выстава карцін і мы арганізуем выставы розных мастакоў, але гэты – самы сапраўдны. Ён жыве на беларускай зямлі і перажывае ўсё разам з ёю.

Варта адзначыць, што за апошнія некалькі год – гэта першая выстава М. Маеўскага. Менавіта таму знаёмства з прадстаўленымі творамі будзе яркім і запамінальным. Выстава працуе па 1 красавіка.

Аліса Майская, Радыё Рацыя


0 Comments

Пакінуць адказ