Моладзь

Што ўніверсітэт павінен даваць студэнтам?

На працягу некалькі год праводжу бліц-апытанні сярод сваіх студэнтаў. Прашу падняць руку тых хто па сканчэнні універсітэта збіраецца працаваць па спецыяльнасці. Вынік ў лепшым выпадку 20-30%.

Астатнія альбо не вызначыліся чым будуць займацца ў прынцыпе, альбо збіраюцца на дзяржаўную службу ці, у рэдкіх выпадках, збіраюцца ўдзельнічаць у бізнэсе сваіх родных. У любым выпадку – збіраюцца займацца дзейнасцю, не зусім, мякка кажучы, звязаную са спецыяльнасцю якую асвойваюць. Навучанне ім трэба не для ведаў, а для атрымання дыплома які для іх будзе “прапускным білетам” на працу. Гэты пропуск дазволіць атрымаць працу, як правіла там, дзе ўжо нехта з блізкіх пра тую працу паклапаціўся.

1.
Постсавецкая беларуская сістэма вышэйшай адукацыі падобна да структуры якая выдае дазволы на займанне пасадаў у сістэме кіравання, сілавых структурах, на вытворчасці, сістэме адукацыі і культуры. Выдае “хлебныя карткі”, а не веды ці прафесійныя кампетэнцыі ў канкрэтных спецыяльнасцях. Запытайце сваіх знаёмых і блізкіх на каго яны вучыліся і дзе і кім яны зараз працуюць, верагодна вы таксама здзівіцеся…  Для таго каб дзейнічаць універсітэт павінен быць зарэгістраваным і мець адпаведныя ліцэнзіі ад дзяржавы. Іначай дыпломы-хлебныя карткі выдаваць не атрымаецца. Але магчымасць выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзора азначае падпарадкаванне дзяржаўнаму стандарту ў вызначэнні праграмы навучання, спосабаў ацэнкі ведаў і г.д.. Іншымі словамі адзін са спосабаў быць цікавым асноўнай колькасці абітурыентаў – трэба мець магчымасць выдаваць “хлебныя карткі”. Для таго каб іх выдаваць трэба дазволы ад дзяржавы на навучальную дзейнасць, а значыць трэба адпавядаць стандартам дзяржавы ў сферы падрыхтоўкі спецыяліста згодна з дзяржаўнымі патрабаваннямі.Атрыманне дазволаў прыводзіць да ўпісвання навучальнай установы ў існуючую ў Беларусі схему “падрыхтоўкі кадраў”. Прыкладам тут могуць быць прыватныя вну, якія прынцыпова нічым не адрозніваюцца ад дзяржаўных вну. Хіба тым што навучаюць толькі на платнай аснове.

Ці ёсць неабходнасць ствараць нацыянальны універсітэт толькі для таго каб узнік яшчэ адзін клон дзяржаўна/прыватнай вну Беларусі? Думаю – не. Што стане асаблівасцю такой установы – толькі наша мова навучання? Думаю, што навучаць па-беларуску важна. Але калі зместава і сутнасна такое навучанне не адрознівацца ад таго што ёсць ужо сёння ў іншых вну – ня мае сэнсу адкрываць нацыянальны універсітэт як асобную установу толькі дзеля навучання па-беларуску.

У гэтым выпадку больш карысным будзе распачаць, напрыклад кампанію па ўвядзенню беларускамоўных групаў ці патокаў у вну якія ўжо зараз існуюць у Беларусі. Далібог карысці будзе болей.

2.
Можа выхадам будзе паспрабаваць нацынальнаму ўніверсітэту скласці канкурэнцыю дзяржаўным і існуючым прыватным вну праз знаходжанне нейкай сваёй “фішачкі”? Напрыклад, выкарыстоўваць толькі інавацыйныя формы і метады ў навучальным працэсе, альбо выкарыстоўваць самыя перадавыя тэхналогіі і матэрыялы ў працэсе навучання? А ў дадатак можа варта было б засяродзіцца менавіта на перадачы прафесійных ведаў, навыкаў і кампетэнцый, а не задавольвацца простай выдачай дыпломаў? Тады, глядзіш і студэнты ў якіх мэта ведаць перавышае простае жаданне ўладкавацца на працу будуць імкнуцца паступіць менавіта ў гэтую установу.

Гэта ўсё можна было б выкарыстаць, калі б не асаблівыя ўмовы ў якіх нацыянальны ўніверсітэт павінен будзе існаваць. Які сэнс выкарыстання гэтых “фішак”, калі вынікам навучання павінна быць перадача канкрэтных ведаў, уменняў і навыкаў азначаных у дзяржаўных стандартах? Пра самі гэтыя стандарты даўно варта размаўляць з мэтаю іх карэннай перапрацоўкі. А выкладанне ў зарэгістраванай навучальнай установе можа адбывацца толькі ў адпаведнасці з зацверджанымі навучальнымі праграмамі якія засноўваюцца на тых далёкіх ад дасканаласці стандартах. Якія б метады, формы, спосабы не выкарыстоўваў – калі ты працуеш з вызначаным зместам, то ў выніку можаш засвоіць толькі гэты змест.

Вну маюць зусім нязначныя самастойныя магчымасці ў навучальным працэсе: а) праграмы асобных дысцыплін якія распрацоўваюцца выкладчыкамі на падставе стандарта дапускаюць невялікія адхіленні ад зацверджаных дзяржавай навучальных праграм і некаторае разыходжанне ў тэмах; б) унікальнымі універсітэцкімі факультатыўнымі ці спецыяльнымі курсамі. Але працэнт інфармацыі з якой можна працаваць на спецкурсах, факультатывах і пры раскрыцці асобных дадатковых пытанняў ў межах навучальных дысцыплін з’яўляецца практычна ніякай.

Такім чынам рыхтаваць спецыялістаў і выдаваць дыпломы дзяржаўнага ўзору, у чым магчыма была б зацікаўлена значная частка навучэнцаў для нацыянальнага універсітэта – немэтазгодна.

3.
Іншым выйсцем можа быць рэгістрацыя вну, здольнай выдаваць дыплом які прызнаецца, напрыклад у краінах Еўразвязу. Такі нацыянальны універсітэт мог бы быць зарэгістраваны ў Беларусі ці суседняй краіне (па прыкладу ЕГУ). У такім выпадку нацыянальны універсітэт быў бы свабодны ад неабходнасці выдаваць дыплом дзяржаўнага ўзору, а значыцца свабодна выбіраў бы спосабы, шляхі, метады, формы, змест навучання і г.д.

Але і тут узнікае цэлы шэраг праблемаў: а) дыплом недзяржаўнага ўзору патрабуе спецыяльнага падцвярджэння на тэрыторыі Беларусі, а падцвярдженне дыплома “варожай”навучальнай установы наўрад ці будзе простай і нават магчымай; б) Нацыянальны універсітэт павінен канцэнтравацца на фармаванні адукаваных людзей, у тым ліку і спецыялістаў для Беларусі, а не ствараць магчымасці для эміграцыі; в) прыклад ЕГУ ўжо ёсць і малаверагодна, што будзе магчымасць стварыць яе клон, а тым больш ці варта гэта рабіць?

Іншымі словамі проста даваць білет на працу, альбо якасныя прафесійныя кампетэнцыі выпускніку для ўладкавання ў замежнай фірме – гэта не выйсце для незалежнага нацыянальнага універсітэта. Але што тады? Інтарэсы якіх навучэнцаў і ў чым ён павінен задавольваць?

4.
Здаецца, самы просты адказ – гэты нацыянальны універсітэт павінен існаваць для таго каб задавальняць тыя патрэбы грамадства якія застаюцца незадаволенымі дзяржаўнай фармальнай сістэмай адукацыі. Іншымі словамі трэба даваць тыя веды ў якіх самі людзі зацікаўлены. Тыя веды якія людзі не могуць атрымаць у існуючых вну, а спецыяльнае падцверджанне ў выглядзе дыплома гэтых ведаў з’яўляецца для іх неабавязковым.

Нехта хоча павысіць сваю прафесійную кваліфікацыю ў саломапляценні, нехта хоча вывучыць мову, нехта хоча навучыцца прымаць рашэнні, нехта маляваць, нехта ўзаемадзейнічаць з іншымі людзьмі ў камандзе. Падобнай дзейнасцю займаюцца школы адукацыі для дарослых у Нямеччыне, Даніі, Швецыі.

Але ці варта для гэтага засноўваць цэлы нацыянальны універсітэт? Падобныя патрэбы магчыма задаволіць у межах тых структур нефармальнай адукацыі ці сіламі адукацыйных бізнэс-структур якія ўжо ёсць сёння. Ды паступова нават фармальная адукацыя можа перыарыентавацца і задаволіць іх. Прыкладам паступовага вырашэння падобных пытанняў з’яўляецца праграма навучальных гурткоў, якая ўжо каторы год дзейнічае ў Беларусі. Альбо камерцыйныя структуры ці нават платныя навучальныя курсы ў вну. Ці справа нацыянальнага універсітэта рабіць курсы на некалькі месяцаў для кавалёў, народных майстроў ці месца сустрэч бабулек (універсітэт трэцяга веку)? Думаю, што не.

5.
З іншага боку малы попыт на атрыманне ведаў, без магчымасці іх выкарыстання ў прафесійнай дзейнасці дэманструе той цяжкі стан у якім знаходзяцца такія адукацыйныя структуры як, напрыклад, Беларускі калегіюм. Гэтая структура, на маю думку заслугоўваюць за сваю дзейнасць толькі павагу. Але наша павага не можа выратаваць Беларускі калегіюм ад тых праблемаў з якімі ён сутыкаецца. Прычына праблемаў Беларускага калегіюма, на маю думку заключаецца ў тым, што попыт на “чыстыя адукацыйныя паслугі”, якія не даюць магчымасці практычна зарабляць на жыццё існуюць, але гэты попыт настолькі малы, што практычна і задавальняецца сіламі структур накшталт Беларускага калегіюма. Колькасць жадаючых навучацца ва ўмовах адсутнасці рэальнай перспектывы зарабляць з гэтага настолькі малая, што перашкаджае зрабіць крок на перад у якасным развіцці падобных структур. І тут не столькі пытанне навучальных праграм, зместу, складу выкладчыкаў ці арганізацыйных пытанняў, колькі адсутнасць дастатковай колькасці матываваных да навучання абітурыентаў.

Што можна прапанаваць нацыянальнаму універсітэту ў гэтых умовах:

1. Незалежны універсітэт патрэбны для вырашэння такіх праблемаў грамадства, якія па нейкай прычыне не вырашаюцца сёння ў нашым грамадстве, альбо вырашэнне якіх ідзе ў накірунку, які незадавальняе значную частку актыўнай незалежнай грамадскасці і адпаведнае вырашэнне якіх немагчыма сіламі тых структур акадэмічнай, нефармальнай і бізнэс-адукацыі якія сёння ўжо ёсць. Гэтыя праблемы не павінны быць дробнымі ці звязанымі з задавальненнем непасрэдных і часовых патрэбаў грамадзян, а павінны быць істотнымі для ўсяго беларускага грамадства. Гэта павінны быць такія праблемы, якія могуць паўплываць на гісторыю далейшага развіцця Беларусі і беларускай супольнасці. Прыкладам такой праблемы можа быць, напрыклад, адсутнасць каштоўнаснага, культурнага, моўнага адзінства беларусаў, слабая структураванасць беларускага грамадства і г.д.

2. Калі мы кажам пра магчымасць стварэння нацыянальнага ўніверсітэту, як структуры якая будзе задавальняць патрэбы навучэнцаў, неабходна казаць пра стварэнне адукацыйнай структуры на тэрыторыі Беларусі, якая была б незалежнай ад сістэмы патрабаванняў да акадэмічнай адукацыі. Незалежны нацыянальны універсітэт павінен мець магчымасць легальна дзейнічаць (быць зарэгістраваным), але адначасова не можа уваходзіць у сістэму адукацыі і значыць не будзе выдаваць дыплом дзяржаўнага ўзору. Але такі падыход, будзе набліжаць сітуацыю нацыянальнага універсітэта да сітуацыі Беларускага калегіюма. Гэта значыць, што нацыянальны універсітэт павінен адказаць, як мінімум, на адно пытанне: як і дзе выпускнікі нацыянальнага універсітэта здолеюць выкарыстаць атрыманыя падчас навучання веды і што яны будуць з гэтага “мець”.

3. Наш нацыянальны універсітэт павінен канцэнтравацца на фармаванні каштоўнасцей і на тэхналогіях дзейнасці па ўкараненню гэтых каштоўнасцей у беларускім грамадстве. Не квіток на працу ў дзяржаўна-эканамічнай сферы павінен выдаваць такі універсітэт, а квіток на актыўную дзейнасць па фармаванні, напрыклад, адзінай БЕЛАРУСКАЙ супольнасці. Але такая структура будзе мець вынік толькі ў выпадку калі працэс навучання будзе звязаны з наступным забеспячэннем магчымасці актыўнай дзейнасці падрыхтаваных выпускнікоў на месцах праз спецыяльныя праграмы і механізмы падтрымкі іх прафесійнай дзейнасці.

4. Нацыянальны універсітэт павінен складацца не толькі з сістэмы перадачы ведаў падчас навучання, але і са знітаванай з ёй сістэмы ўкаранення атрыманых ведаў у грамадстве на прафесійнай аснове. Прыкладам такой сістэмы ўкаранення можа быць сетка арганізацый і структур якія дзейнічаюць на падставе ўзгодненых з універсітэтам праграм з дастатковымі для сваёй дзейнасці ў межах праграм матэрыяльна-фінансавымі рэсурсамі.


arche.by

Пакінуць адказ