Грамадства

Свята для Вольных

25 сакавіка ў гарадскім доме культуры прайшла вечарына, прысвечаная 92-ім угодкам абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Спадзяванняў на тое, што мерапрыемства наогуле адбудзецца было не шмат. За некалькі дзён ад выступлення адмовіліся маючыя быць выканаўцы, спаслаўшыся на ціск з боку ідэалагічнага аддзелу гарвыканкаму. Напярэдадні самой імпрэзы арганізатарам тэлефанавалі з адміністрацыі ГДК і з Ленінскага РАУСу. Усе вельмі дапытліва ўдакладнялі пра фармат мерапрыемства, адказных за правядзення. У міліцыі адкрыта папярэдзілі пра “недапушчальнасць раздачы палітычнай агітацыйнай прадукцыі і выкарыстанне недзяржаўнай сімволікі” пад час мерапрыемства.

Аднак свята ўсё ж такі адбылося. Забараніць моладзі танчыць і адзначаць свята ні змог ніхто. Пад пільным наглядам міліцыі (за мерапрыемствам сачылі выключна афіцэры – ад старэйшага лейтэнанта да маёра) прайшлі і абяцаныя майстар-клас сярэднявечных танцаў, і дыскатэка пад сучасную беларускую музыку, і невялічкія конкурсы ды забавы для ўдзельнікаў.

“Палітычны ажыятаж і скепсіс адносна самой магчымасці правядзення дадзенага мерапрыемства, безумоўна, адмоўна паўплывалі на колькасць удзельнікаў. Мы разлічвалі на ўдвая большую лічбу” – дзеліцца сваімі ўражаннямі адзін з арганізатараў.”Затое кожны з тых, хто ўсё ж прыйшоў, меў магчымасць годна адзначыць гэты дзень і адпачыць як сапраўды вольны чалавек. Магчыма ўсё. Трэба толькі нікога не баяцца і мець жаданне зрабіць тое, што ты лічыш правільным”

Па патрабаванням адміністрацыі імпрэза скончылася акурат а 23-й гадзіне. Усяго ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 35 чалавек.

Пакінуць адказ