Міністэрства адукацыі абдумвае магчымасць адкрыцця ў Менску міжнароднага ўніверсытэту. Чыноўнікі кажуць аб «філіялах сусветна вядомых ВНУ — Кембрыджскага, Гарвардскага, Маскоўскага».
Аб пачатку падрыхтоўкі да стварэння заканадаўчай базы для міжнароднага ўніверсітэту, які плануецца адчыніць у Менску, паведамляе БелТА. Курыруе праект першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. Ужо 19 красавіка праект нарматыўна-прававога акту, распрацаваны групай Жука, мусіць быць прадстаўлены прэм’ер-міністру.
Як паведамлялася раней, прапанова аб стварэнні «міжнароднага ўніверсітэту вышэйшага ўзроўню» беларускія чыноўнікі атрымалі ад неназванай «арабскай карпарацыі». Плануецца, што дзякуючы праэкту ў Менску можа з’явіцца філія аднаго з буйнейшых універсітэтаў свету. Назва яго пакуль не раскрываецца, але з вуснаў намесніка міністра ўжо гучалі такія словы, як МГУ, Кэмбрыдж і Оксфард.
«Гэты праект таксама прадугледжвае падрыхтоўку і перападрыхтоўку беларускіх выкладчыкаў у вядучых сусветных ВНУ з атрыманнем адпаведных дыпломаў», — заявіў тады спадар Жук.
Цяпер у Беларусі існуе 53 ВНУ, тры з якіх маюць у сваёй назве слова «міжнародны». Гэта Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А. Д. Сахарава, Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут і Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін.
На верасень 2009 году ў Беларусі было каля 430 тысяч студэнтаў, толькі 9 тысяч з якіх мелі пашпарт грамадзяніна іншай краіны.