Замежжа

Беларусы і літоўцы пойдуць на Грунвальд

Дэпутаты Сойму Літоўскай Рэспублікі прапанавалі беларускай грамадскасці правесці сумеснае шэсце на Грунвальдскае поле. Гэткім чынам плануецца адзначыць 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, якое святкуецца сёлета.
Шэсце пачнецца з Гродна, адкуль у 1410 г. войскі ВКЛ выпраўляліся на Грунвальдскую бітву. Пачатак шэсця прызначаны на 14 ліпеня.

Беларусы прынялі прапанову. У Мінску створаны аргкамітэт святкавання 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам. Старшынёй аргкамітэту стаў доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч.

Мяркуецца, што ва ўрачыстым шэсці з боку Беларусі прымуць удзел прадстаўнікі гарадоў, з якіх у 1410 годзе на Грунвальдскім полі біліся рыцары 40 харугваў (палкоў): Аршанская, Берасцейская, Ваўкавыская, Віленская, Віцебская, Гарадзенская, Лідская, Медніцкая, Менская, Мсціслаўская, Наваградская, Пінская, Полацкая, Смаленская, Старадубская, 10 асабістых харугваў Вітаўта ды іншыя.

У рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы, якая адбудзецца 17 ліпеня, прыме ўдзел каля 200 рыцараў беларускіх клубаў. На ролю Вітаўта Вялікага запрошаны выбітны акцёр аднаго з беларускіх тэатраў. Музычную падтрымку будзе ажыццяўляць беларускія гурты старажытнай музыкі.


Пакінуць адказ