Крыху больш, чым 15 гадоў таму, 14 траўня 1995 году, у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, у выніку ягога была змененая дзяржаўная сымболіка, а таксама расейская мова стала другой дзяржаўнай.
У заяве ТБМ адзначаецца, што ў краіне “адсутнічае сістэма нацыянальнай адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове, колькасць беларускамоўных вучняў скарацілася да 18%, беларускамоўныя школы і нават класы адсутнічаюць у большасці абласных і раённых гарадоў Беларусі. Прынятыя ў 1998 годзе папраўкі ў законе “Аб мовах ” пярэчаць Канстытуцыі і дазваляюць чыноўнікам не карыстацца беларускай мовай”.
У Палаце прадстаўнікоў апошнім і бадай што адзіным за апошнюю пяцігодку законапраектам, які прымаўся на беларускай мове, быў закон “Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi”. Гэта адбылося ў чэрвені 2008 году. На сесіях беларуская мова з вуснаў дэпутатаў не гучыць. Таму калі месяц таму старшыня Памежнага камітэту генерал-маёр Ігар Рачкоўскі прэзентаваў у Палаце прадстаўнікоў даклад пра беларуска-ўкраінскую мяжу на беларускай мове, гэта выклікала шырокі рэзананс у СМІ.
Мовазнаўца Зміцер Саўка такім чынам пракамэнтаваў гэта:
“Калі такія факты робяцца ў цэнтры ўвагі, гэта сведчаньне таго, наколькі згаладаліся і журналісты. І нездарма яны экстрапалююць свае пачуцці на чытачоў, на шырэйшую публіку. Усе хочуць нейкіх станоўчых зрухаў. Бо іх няма. Гэта сведчанне такой катастрофы! Мы б усё даравалі Лукашэнку – ягоны недэмакратызм, ягоны аўтарытарызм – бо ўсё гэта можна пераадолець у выніку. Але зацятасць у барацьбе з любымі праявамі беларушчыны, якая працінае нашу дзяржаву з верху да нізу, да апошняга нейкага чыноўніка, не можа ў мяне як у беларуса, у патрыёта не выклікаць не проста расчараваньня, а абурэння”.
Таварыства беларускай мовы рэгулярна піша звароты ў дзяржаўныя органы ўлады з патрабаваннем роўнасці моваў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў, што апошні зварот быў да кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімера Макея аб новым узоры правоў кіроўцаў, дзе няма беларускай мовы. “Просім вас паспрыяць таму, каб дзяржаўная беларуская мова на новых міжнародных правах заняла тое ж месца, як і ангельская, бо непаважлівае стаўленне да мовы тытульнай нацыі зноў можа выклікаць непаразуменне і нават кпіны з боку Еўрасаюзу”. Адказ на зварот спадар Трусаў атрымаў 12 траўня ўжо з Дзяржаўтаінспекцыі:
“Праўда, адказ яны зрабілі па-расейску, але ён мяне задавальняе нават і на расейскай мове. Сэнс такі: “Усе надпісы на бланку новага ўзору пасведчання кіроўцы будуць выкананыя на трох мовах: беларускай, расейскай і ангельскай. Персанальныя дадзеныя ўладальніка пасведчаньня паводле яго жадання будуць друкавацца на адной з нацыянальных – гэта “ноў-хаў” міліцыянтаў! – нацыянальных моваў Рэспублікі Беларусь і дублявацца лацінскімі літарамі. Вось і выйгралі мы гэтыя пасведчанні”.
Застаецца толькі кіроўцам праявіць нацыянальную сьвядомасць і патрабаваць свае персанальныя дадзеныя друкаваць менавіта на беларускай мове.
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…