Грамадства

Незалежнасць не прап’еш

Выехаць у суботу на шашлычок – лепшы спосаб правесці выходныя ў летні час. Але ў суботу 3 ліпеня гараджанам асабліва пашчасціла – далёка ехаць было неабавязкова.
У парку культуры і адпачынку ўсе зяленыя палянкі былі абсталяваны пад пляцоўкі для буфетаў на адкрытым паветры. Правіла “па траўніках не хадзіць” у гэты дзень адмянялася, зрэшты, як і правіла “ў грамадскіх месцах алкагольныя напоі не піць”. Тэрыторыя парку, абстаўленая сталамі і намётамі з харчаваннем, у гэты дзень нагадвала вялікае вяселле. Праўда, 3 ліпеня стравамі і напоямі дазвалялі сабе ласавацца толькі тыя, каму асабліва важная Незалежнасць нашай дзяржавы. Каб патрыёты не забывалі, за што паднімаць тосты, пункты агульнага харчавання былі ўпрыгожаны адпаведнай сімволікай.

Міліцыя ж, клапоцячыся пра рэнтабельнасць гандлёвых намётаў, наведвальнікаў з уласным спіртным на тэрыторыю імпрэзы не пускала.

Арганізатары святкавання паклапаціліся не толькі пра цела, але і пра душу грамадзян: на сцэне тэатра эстрады яе цешылі ансамблі розных працоўных калектываў, якія “запальвалі” публіку не горш сталічных зорак, якіх паказвалі па нацыянальным тэлебачанні.

Пасля такога запала дружна спяваць гімн берасцейцам было асабліва прыемна.

Анастасія Гурына, “Брестский курьер”, пераклад Dzedzich.org

Пакінуць адказ