Грамадства

Беларуская палітыка за беларускія грошы

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ягоная агітацыйная кампанія будзе весьціся без прыцягненьня замежных сродкаў. Па словах Кастусёва, гэтым кампанія кандыдата ад Партыі БНФ будзе адрозьнівацца ад кампаніяў усіх іншых прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

“Фінансаваньне палітычнай кампаніі за замежныя грошы несумяшчальнае зь інтарэсамі беларускага народу, – заявіў Рыгор Кастусёў, вылучаны Партыяй БНФ у прэзыдэнты. “Мы не шукаем замежных “палітычных інвэстыцыяў”, каб ня страціць самастойнасьць у сваёй дзейнасьці. Мая кампанія на ўсіх стадыях будзе весьціся выключна за айчынныя сродкі, толькі за кошт беларускіх крыніцаў фінансаваньня. Гэта будзе на 100% беларуская кампанія,” – адзначыў прэтэндэнт ад Партыі БНФ.

Па словах палітыка, менавіта адсутнасьцю замежных фінансавых унёскаў ягоная агітацыйная кампанія будзе адрозьнівацца ад кампаніяў іншых кандыдатаў. “Лукашэнка ліхаманкава шукае грошы на выкананьне сваіх перадвыбарчых пражэктаў у Эўропе і Вэнесуэле, некалькі апазыцыйных кандыдатаў ўжо знайшлі сабе фінансавае апірышча ў Расеі. Я буду абапірацца толькі на беларускія рэсурсы – на працу партыйных актывістаў, на ахвяраваньні беларускіх бізнэсоўцаў, на самаадданую валянтэрскую дапамогу ўсіх, каму дарагія нацыянальныя каштоўнасьці і сапраўдная незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны,” – заявіў кандыдат ад Партыі БНФ. “Я сьцьвярджаю: нельга браць расейскія грошы – і пры гэтым заставацца беларускім палітыкам,” – падкрэсьліў Рыгор Кастусёў.

Кіраўнік штабу Рыгора Кастусёва, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч такім чынам камэнтуе заяву партыйнага кандыдата: “У сёньняшніх палітычных умовах нацыянальным сілам ня толькі магчыма, але і неабходна абаперціся на ўнутрыбеларускія рэсурсы. Натуральна, гэта карэгарычна ня будуць сродкі, зьвязаныя з цяперашнім антыбеларускім рэжымам. Толькі такім чынам мы здолеем захаваць сьцяг нацыянальнага Адраджэньня і незалежніцкія прынцыпы. Незалежнасьць нашай кампаніі ад замежнага фінансаваньня будзе найлепшым сьведчаньнем скіраванасьці яе на адстойваньне нацыянальных інтарэсаў на прэзыдэнцкіх выбарах, што маюць быць прызначаныя неўзабаве. Разьлічваем на прыцягненьне сродкаў як прадпрымальнікаў, так і шырокага кола выбаршчыкаў – перадвыбарчая кампанія Рыгора Касутсёва павінная стаць насамрэч народным чынам,” – адзначыў Аляксей Янукевіч.

Даведка:

Рыгор Кастусёў (Рыгор Кастусёў) нарадзіўся 17 красавіка 1957 года ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласьці. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасьці «Інжынер-мэханік». Служыў у Савецкай арміі (1975-1977). Працаваў галоўным інжынерам саўгасу «Друць» Бялыніцкага раёна (1983-1988), дырэктарам саўгаса (1988-1991), дырэктарам Шклоўскага раённага аб’яднаньня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі (1995-2001). Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства «Гидросила – Белая Русь» у Магілёве (2002-2004 гады). Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча.
Намесьнік Старшыні Партыі БНФ. Праваслаўны. Жанаты, мае траіх дзяцей

0 Comments

Пакінуць адказ