Categories: Замежжа

Праўда пра Узбекістан

У гэтым годзе мне зноў пашчасціла пабываць у Сярэдняй Азіі. Гэтым разам мяне на тры месяцы прытуліў Узбекістан. Краіна са сваімі цудамі і праблемамі, з нязменным кіраўніком Ісламам Карымавым і цэнтрамі старажытнага ўсходу – Бухарой і Самаркандам. Я паспрабую адказаць на пытанне, чаму ў краіне, якая мае багатыя радовішчы нафты, газа, золата, урана, людзі працуюць па дзесяць гадзінаў у суткі ды радуюцца заробку ў 150 даляраў.

Прыляцеў я ў Ташкент напрыканцы зімы. Віза для беларусаў не патрэбная, на прапускным пункце дастаткова прайсці фэйскантроль і запоўніць 2 копіі дэкларацыі, у якіх трэба ўказаць усю валюту, якую завозіш. Сваю копію трэба захаваць, бо на адваротным шляху ў цябе яе абавязкова спытаюць. І калі яе не будзе, то вывезці валюту з краіны ты проста не зможаш.

Вось твае гарады

Ташкент, як і другія гарады, складаецца з лабірынту вулачак, у якім часам складана арыентавацца. У гэтым напэўна і ёсць прыгажосць усходніх гарадоў, ды яшчэ ў зелені. У канцы вясны ўсе населеныя пункты ўтапаюць у зелені дрэваў. Смецця на вуліцах зусім мала, хоць і сметніц амаль што няма. Людзі выкідаюць смецце ў канаўкі для стока вады, адкуль яго прыбіраюць дворнікі.

Архітэктура

Ёсць свае таямніцы і ў іншых гарадах Бухары і Самаркандзе, якія прыцягваюць да сябе вялікую колькасць еўрапейскіх турыстаў. Час захаваў тут унікальныя забудовы старажытнага Ўсходу з керамічнымі сценамі, блакітнымі купаламі і танюткімі вежамі, сярод якіх мясцовыя гандляры спрабуюць упіхнуць свой часам зусім не патрэбны тавар еўрапейскім турыстам, прычым па значна завышаным кошце.

Архітэктура

Развод замежных турыстаў гэта адзін з асноўных заробкаў мясцовых жыхароў. Напэўна таму многія гандляры свабодна могуць размаўляць не толькі паангельску, але ведаюць яшчэ французскую, гішпанскую, італьянскую ды іншыя мовы.

У новых тварах бачу Беларусь

У цэлым, людзі тут культурныя, добрыя і ветлівыя. У іх няма такой агрэсіі да іншаземцаў, якую я адчуў летась на поўдні Казахстана, а беларусаў яны часта сустракаюць, як землякоў, запрашаюць у госці. У савецкі час многія ўзбекі служылі ў Беларусі, як і беларусы ў Ташкенце. Тут карыстаюцца папулярнасцю нашы землякі Рыбак і Сярога. Узбекскую мову ведае большасць, але ў гарадах паранейшаму папулярная расейская. У вёсках зусім наадварот, іх жыхары не ведаюць расейскай, таму часам складна з імі кантактаваць. У параўнанні з Беларуссю, родная мова тут у пашане, а нядаўна яе перавялі з кірыліцы на лацінку.

Людзі


Увогуле, пра Беларусь тут шмат чаго нагадвае. У першую чаргу аўтапром. І хоць 95% легкавых аўтамабіляў складаецца з DAEWOO, якія штампуюцца побач з Ташкентам (цяпер завод перакупіў CHEVROLET), палова грузавікоў і самасвалаў тут – нашы МАЗы. Трактары таксама ў абсалютнай большасці МТЗ, а лідэрам кар’ернай тэхнікі безумоўна з’яўляецца БЕЛАЗ. Але на змену братэрскім сувязям паступова прыходзіць канкурэнцыя, і замест новенькіх беларускіх грузавікоў усё часцей можна бачыць таннейшыя і больш эканамічныя кітайскія машыны.

Сустракаецца і савецкае рэтра

Калі вяртацца да тэмы легкавікоў, то мытныя пошліны тут астранамічныя, таму і даводзіцца людзям купляць ДЭУ НЭКСІЯ за 11 000 у.е., ці МАТІЗ за 6 000. Досыць уныла бачыць на дарогах адныя і тыя ж аўтамабілі, і я з сумам падумаў: у нас можа быць тое ж самае. Каб хоць неяк вылучацца на дарозе, мясцовыя майстры робяць рознага кшталту цюнінг.

GEFEST таксама папулярны тут тавар. І яшчэ быў прыемна здзіўлены ўбачыць на стале “ікріму” ад САНТАБРЕМОР.

Карысныя выкапні, беспрацоўе, заробкі і СМІ

Як я ўжо пісаў, Узбекістан багаты на нафту, газ, уран, золата ды інш. Але насельніцтву ад гэтага не вельмі радасна. Грошы, быццам бы, ёсць, але куды яны цякуць, невядома. У сталіцы, як і паўсюль па краіне, не ўбачыш прыгожых хмарачосаў ці багатых культурных кварталаў. Нават у Самаркандзе і ў Бухары, дзе штодзённа імкнуцца пабываць тысячы замежных турыстаў, прыгожымі застаюцца толькі гістарычныя мясціны.

Грошай не маюць і самі жыхары. Многія з іх пастаянна ездзяць на заробкі ў Расею ці Паўднёвую Карэю. Ды і грошы пытанне тут адноснае. Нацыянальная валюта называецца сум. Адзін даляр па афіцыйным курсе тут можна прадаць за 1520 сум, але, дзіва, ёсць яшчэ неафіцыйны курс! І ў любога гандляра даляры ты можаш абмяняць ад 2000 да 2200 сум. Колькі не думаў, я так і не знайшоў адказу, чаму гэта так атрымліваецца.

Ёсць тут яшчэ адно ноў-хаў па тэме грошай. Максімальная купюра тут у 1000 сум, а гэта значыць, калі ты мяняеш 100 даляраў табе даюць пяць пачак мясцовых грошай, якія ты з цяжкасцю спрабуеш распіхаць у кішэні.

Цяпер крыху пра заробкі. Навучальныя ўстановы звонку выглядаюць вельмі прыстойна (унутры не быў), ды і настаўнікі маюць тут сярэдні заробак у 250300 тыс. сум. Гэта лічыцца добрым заробкам, бо на будоўлі за дзень працы падсобнікам ты атрымаеш толькі 10 тыс сум. А што рабіць, калі працу ў краіне знайсці вельмі складана, а карміць сям’ю неяк трэба?

Шанцуе тым, хто працуе на заводах па перапрацоўцы карысных выкапняў там заробкі ад 500 тыс., а часам дасягаюць і 1 млн., што для Ўзбекістана рэдкасць. Менавіта гэтыя людзі абкатваюць навінкі айчыннага аўтапрама, а звычайныя рабочыя… часта не маюць нават мабільнага тэлефона, хоць і працаваць прыходзіцца ад відна да відна. Ды і працоўны адпачынак складае толькі 18 дзён у год.

Затое дзяржаўныя газеты пішуць аб чарговых міжнародных канферэнцыях, поспехах і зайздрасці краінаўсуседзяў. У прынцыпе, калі ў тамтэйшых газетах змяніць назву краіны на нашу, мы апынемся ў афіцыйнай Беларусі.

А што кажуць недзяржаўныя СМІ? А такіх тут проста няма. Затое ёсць багата мясцовай расейскай прэсы. Я для цікавасці набыў АІФ Узбекістан. Мяне чакала расчараванне. Газета мела цэлую старонку пра Беларусь, а пра Ўзбекістан толькі адзін невялічкі артыкул.

Шукаю праўды ў інтэрнэце. У краіне дзейнічаюць дзве буйныя апазіцыйныя партыі, якія, канешне, не зарэгістраваныя. Сайты гэтых партый заблакаваныя для ўнутраных карыстальнікаў і аднаўляюцца ў лепшым выпадку раз у месяц. Дый увогуле, інтэрнэт тут напэўна не карыстаецца папулярнасцю. Буйнейшая суполка Узбекістана “У Кантакце” мае толькі крыху больш за тры з паловай тысячы чалавек. Суполка аднаго толькі Берасця “У кантакце” – больш за 5000.

Кошык

Жыхары любяць бачыць гасцей, таму ў іх дамах хоць і не багата, але ўтульна.

Кошты на тавары тут не значна адрозніваюцца ад нашых. Таннейшыя за нашы тут паслугі і мясцовыя прадукты, у асноўным садавіна. На супяшчаных глебах складана вырасціць ураджай, таму гародніну прывозяць з памежных краінаў і каштуе яна дарагавата.

Прыблізна такія ж як у Беларусі кошты маюць усюдыісныя кітайскія тавары. Мясцовая сувенірная прадукцыя таксама для сярэдняга беларуса часта не па кішэні, хаця трэба паўсюль гандлявацца, можна знізіць кошт удвая, а часам і ўтрая.

Не зусім таннымі тут выглядаюць энерганосьбіты – калі ты жывеш у прыватным доме, плоціш штогадова невялікую суму, а вось у кватэрах іначай: за іх штомесяц трэба плаціць каля 60 000 сум.

Татальны кантроль

Не паверыце, але на кожным уездзе ў больш­менш буйныя населенныя пункты стаяць блокпасты, дзе супрацоўнікі ДАІ правяраюць амаль усе аўтамабілі. Увогуле, быць паліцэйскім тут перспектыўна. Не ведаю, колькі ім плоцяць, але колькасць паліцэйскіх на вуліцах значна перавышае беларускую.
Не гледзячы на даішнікаў, на дарогах кожны ездзіць, хто як умее: адныя паркуюцца пасярэдзіне дарогі, іншыя не заўважаюць чырвонае святло, не кажучы ўжо пра пешаходныя пераходы, якімі мала хто карыстаецца. Пешаходы пераходзяць вуліцы інтуітыўна. Тут не прынята глядзець у люстэркі задняга віду, ад чаго прыходзіцца пастаянна сігналіць.

Кожны аўтамабіль тут можа служыць грамадскім транспартам, лішняя капейка ў сям’і не перашкодзіць. Паліва тут пакуль таннае, каштуе каля 1400 сум/л.

Каб набыць квіток на цягнік, трэба мець з сабой пашпарт (звесткі з якога захоўваюцца ў кампутары), асабліва іншаземцам. Справа ў тым, што, прыбыўшы ў краіну, ты мусіш зарэгістравацца. Рэгістрацыю можна атрымаць толькі ў гатэлях, праплаціўшы нумар за ўвесь час знаходжання ў краіне. У іншай вобласці ты можаш знаходзіцца не больш за тры дні. З гэтай прычыны дэпартавалі адну маю знаёмую францужанку.

З дапамогай пунктаў пропуску і пашпартных звестак можна адсачыць міграцыю кожнага чалавека. Для чаго гэта робіцца, мне ніяк не зразумела. Але татальны кантроль прыводзіць да незадаволенасці ў грамадстве.

Была спроба ў 2005г. змяніць сітуацыю. Тады пасадзілі 23 бізнэсоўца, якіх незадаволеная грамадскасць вызваліла з турмы. За гэта натоўп быў расстраляны ўрадавымі войскамі, загінула больш за 170 чалавек. Падзеі ў Андзіжане афіцыйная ўлада імкнецца схаваць, але для ўсіх нас яны як і многія іншыя сведчаць аб страшных пагрозах дыктатуры.

Акцыя пратэсту ў Андзіжане. 05.13.2005. Фота: AP

Як сказаў нам адзін сябра з Ташкенту: “F…g president. Nobody likes him in Tashkent!” Сябра таксама як і мы марыць аб зменах, правах чалавека, але не бачыць аніякай магчымасці дзейнічаць, бо ўсё там пад татальным кантролем. Знаёмая карціна, праўда?

Дзмітрый Аляксееў, Узбекістан – Беларусь

Назіраем за птушкамі

dzedzich

Share
Published by
dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

1 дзень ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago