Культура

А. Цвікевіча ўшанавалі ў Берасці

Акцыя ўшанавання памяці Аляксандра Цвікевіча, які быў апошнім прэм’ер-міністрам Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, адбылася ў Берасці.

Як паведаміла “Еўрарадыё”, апоўначы ў вокнах кватэраў некаторыя берасцейцы запалілі знічы ў гонар гэтага выбітнога ўраджэнца Берасця.

Акцыя была прымеркаваная да трагічнай смерці Аляксандра Цвікевіча. Нагадаем, што ён быў расстраляны сталіністамі ў мінскай турме ў ноч з 29 на 30 снежня 1937 года.

Аляксандр Цвікевіч з’яўляецца вядомым беларускім палітычным дзеячам, гісторыкам, філосафам, публіцыстам. Ён даследаваў праблемы нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, фарміравання грамадска-палітычнай думкі на Беларусі, станаўлення і развіцця дзяржаўнасці і самасвядомасці беларускага народа. Быў арыштаваны па справе “Саюза вызвалення Беларусі” і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1988 і 1989 гадах.

Некаторыя берасцейскія гісторыкі, краязнаўцы, выказваюць думку, што на імя Цвікевіча павінны звярнуць увагу берасцейскія ўлады пры ўсталёўцы помнікаў, або назве вуліц.

Пакінуць адказ