Categories: Грамадства

Я ЦЯБЕН НОН РАЗУМЕН…

Яшчэ раз пра карысць валодання замежнай мовай… Сацыяльная існасць homo sapiens вымагае ад чалавека многага. Не апошняе месца сярод гэтага займае веданне замежнай мовы. І часта не адной.

Уявіце: жывяце вы сабе ў адной і той жа краіне, працуеце ў адным і тым горадзе, кантактуеце амаль што з аднымі і тымі ж людзьмі, ды тут ваш спакой парушае турыстычная ці рабочая паездка за мяжу. З жахам і здзіўленнем для саміх вы сябе разумееце, што без ведання замежнай мовы вашае далейшае жыццё проста неўяўнае.

Правяраць сітуацыю на тыповасць, а таксама прасіць карысных парад для неінтэграваных пакуль у сусветную моўную супольнасць асоб я пайшла да дырэктара вучэбнага цэнтра «International language house» («Інтэрнэшнл лэнгуідж хаус») дацэнта Таццяны Лысенкавай.

– Таццяна Міхайлаўна, хто прыходзіць на моўныя курсы часцей за ўсё?

– Калі гаварыць пра ўзрост, то напалову школьнікі, а напалову дарослыя 28–40 гадоў. Калі браць гендэрны паказчык, – то найчасцей жанчыны. У іх больш цярпення, імкнення да ведаў, працалюбства. Мужчыны калі і прыходзяць, то часцей за жанчын адступаюць, не дайшоўшы да канца праграмы.

– А што скажаце пра сацыяльны статус сваіх дарослых навучэнцаў?

– Частка людзей – гэта забяспечаныя мужамі жанчыны, якія шмат падарожнічаюць. Другая частка – мэнэджэры, эканамісты і т.п., якім па родзе сваёй дзейнасці даводзіцца перакладаць іншамоўную спецыяльную літаратуру і мець зносіны з замежнікамі.

– Няма сумненняў, што самай папулярнай мовай зараз з’яўляецца ангельская. Калі будаваць іерархію паводле попыту берасцейцаў, якія мовы ідуць следам за ёй?

– Італьянская, нямецкая, французская, гішпанская.

– Чаму італьянская на другім месцы, на ваш погляд?

– Італія – прыгожая краіна, нашым людзям падабаецца па ёй падарожнічаць, ды і сама мова таксама цікавая. Істотны ўнёсак у яе папулярнасць робіць і адкрыццё сумесных беларуска-італьянскіх прадпрыемстваў. Жанчыны ж часам вучаць, каб лягчэй знаёміцца з італьянцамі. (Шчыра кажучы, апошні фактар мая субяседніца прасіла не публікаваць. Але ж не будзем крывадушнічаць: многія нашы дзяўчаты таму і вучаць замежную мову, што мараць стаць жонкамі забяспечаных іншаземцаў).

– А экзатычныя для нас мовы тыпу японскай, кітайскай і падобыя часта пытаюць?

– Не, зусім рэдка.

– Якія методыкі лічацца самымі эфектыўнымі ў вывучэнні мовы?

– Адназначна камунікатыўныя. Іншая справа, як іх рэалізуе выкладчык. Тут ужо прыватная справа. Ніхто сваімі прыёмамі не дзеліцца.

Скончыліся заняткі ў адной з дзіцячых груп, і да нашай гутаркі далучылася маладая выкладчыца ангельскай і італьянскай моў Таццяна Піменава.

– Але папулярнасцю карыстаюцца і прыватныя ўрокі. У чым іх істотная розніца ад групавых заняткаў?

Т.Л.: Рэпетытары выдатна падцягваюць граматыку, але камунікатыўныя навыкі ўсё ж такі лепш адточваюцца менавіта ў групе. На моўныя курсы прыходзяць, у асноўным, тыя, каму трэба не проста ведаць мову, а размаўляць на ёй.

– А самастойна авалодаць моваю рэальна?

Т.П.: На гэтае пытанне цяжка адказаць пэўна. Усё вельмі індывідуальна. Выпадкі ёсць, але яны рэдкія. Мы ж прывыклі, што нехта павінен стаяць з пугай над душой. Да таго ж рана ці позна ўсё роўна паўстае пытанне, з кім размаўляць. Хоць і тут людзі знаходзяць выйсце – наладжваюць зносіны праз скайп з носьбітамі мовы.

– Усе бацькі хацелі б, каб іх дзеці вольна размаўлялі на нейкай замежнай мове. Які аптымальны ўзрост для пачатку інтэнсіўных заняткаў?

Т.Л.: 10 год. Да гэтага ўзросту дзеці не маюць яшчэ належнай логікі мыслення, і замежная мова служыць проста для трэніроўкі памяці.

Т.П.: Але, зноў жа такі, усё індывідуальна. Калі,напрыклад, нехта з бацькоў валодае замежнай мовай і размаўляе на ёй, то пачынаць вучыць дзіця можна з самага нараджэння.

– Якую параду вы б далі тым, хто толькі збіраецца вывучаць замежную мову?

Т.Л.: Доўга не збірацца, а пачынаць вывучаць!

Што ж, сапраўды не той выпадак, калі трэба сем разоў мераць перад тым, як адрэзаць. Калі вы нават яшчэ не ведаеце, а толькі інтуітыўна прадчуваеце, што вам можа спатрэбіцца замежная мова, і пачынаеце задумвацца над асваеннем гэтай цаліны, адштурхоўвайцеся лепей ад выказвання «Прыйшоў. Убачыў. Перамог». Насамрэч, не так істотна, мужчына вы ці жанчына, дарослы ці дзіця, самастойна вучыцеся падпароўваць свой маўленчы апарат плыні незразумелых пакуль гукаў ці карыстаецеся дапамогай педагогаў-рэпетытараў, – істотна толькі тое, што ў вас абавязкова ўсё атрымаецца. І гэта з вамі, а не з Аляксандрам Македонскім, у вашых знаёмых будзе асацыявацца знакамітае «Vini. Vidi. Vici».

Іна Хоміч

Вучыце мову!

dzedzich

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

4 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

2 тыдні ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

3 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

3 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago