У мінулым годзе адзначалася 620-годдзе з дня надання Берасцю магдэбурскага права. Але сучаснаму пакаленню цяжка ўявіць, якая гэта была значная падзея нашай гісторыі.
Горад Берасце (сёння Брэст) заўсёды быў важным эканамічным цэнтрам тутэйшага рэгіёна з вельмі выгадным у геаграфічным плане становішчам. Таму не дзіўна, што на працягу вякоў за гэты горад змагаліся розныя князі, дзяржавы – Галіцка-Валынскае княства, Польшча, Тэўтонскі ордэн… Але ў першай палове XIV стагоддзя Берасце перайшло пад уладу Вялікага княства Літоўскага – нашай сярэднявечнай дзяржавы.
На помніку да тысячагоддзя Берасця, які паставілі ў Берасці ў мінулым годзе, ёсць скульптура вялікага князя Вялікага княства Літоўскага Ягайлы. За якія ж заслугі менавіта Ягайла варты такой пашаны?
Трэба адразу падкрэсліць, што ў Вялікім княстве Літоўскім, як і ў любой дзяржаве, адбывалася барацьба за ўладу. Вось жа ў час барацьбы паміж Ягайлам і яго стрыечным братам Вітаўтам (будучым вялікім князем), Ягайла ў 1390г. авалодаў Берасцем і ў гэтым жа годзе дараваў гораду магдэбурскае права. На тэрыторыі сучаснай Беларусі Берасце атрымала гэтае права першым.
Менавіта за гэта сённяшнім берасцейцам трэба ўшаноўваць князя Ягайлу.
Магдэбургскае права – гэта права горада на самакіраванне. Паходзіць такі тэрмін ад горада Магдэбург у Нямеччыне. Дзейнічала магдэбурскае права ў гарадах Усходняй Германіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
У Вялікім княстве Літоўскім магдэбурскае права надавалася як заахвочванне для лепшага развіцця горада і ўзнагарода мяшчанам (гараджанам) за іх заслугі. Пазбаўленне горада магдэбурскага права прымянялася як пакаранне за цяжкія правіннасці, кшталту здачы горада непрыяцелю падчас вайны.
Горад, надзелены магдэбурскім правам рабіўся самастойнай адміністрацыйнай адзінкай са сваім грамадзянствам, інстытутамі ўлады, гербам, падатковай сістэмай. Уся ўлада ў горадзе пераходзіла да органаў гарадскога самакіравання. У даход горада перадаваліся прыбыткі ад устаноў гандлю, гасціных двароў, лазняў і інш. Гараджане атрымлівалі эканамічныя ільготы, вызваляліся ад платы гандлёвых і некаторых іншых падаткаў.
Найбольш важныя пытанні жыцця горада вырашала гарадская абшчына. Іншымі пытаннямі займаўся магістрат – выбарны орган гарадскога самакіравання. Магістрат засядаў у спецыяльным будынку, які называўся ратуша.
Значэнне для горада магдэбурскага права было вельмі вялікім. Такі горад пачынаў хутка багацець, тут лепш развіваліся гандаль і розныя рамёствы. Горад мог сам вырашаць свае праблемы без умяшальніцтва цэнтральных уладаў.
Гэта значыць, што магдэбурскае права рабіла горад больш дэмакратычным, наколькі гэта было магчымым у сярэднявеччы.
На працягу стагоддзяў вельмі многія гарады і мястэчкі Вялікага княства Літоўскага атрымалі магдэбурскае права. Больш за паўтары сотні населеных пунктаў кіраваліся гэтым правам у дзяржаве, з іх больш за 50 – на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.
На Берасцейшчыне магдэбурскае права атрымалі Камянец, Пінск, Кобрын, Пружаны, Ружаны, Лагішын і іншыя. Нават сённяшняя вёска, а тады мястэчка Малеч (сёння Бярозаўскі раён) 6 чэрвеня 1645 года атрымала права на самакіраванне.
Шпаркае развіццё магдэбурскага права сведчыла пра тое, што Вялікае княства Літоўскае было сапраўднай часткай еўрапейскай цывілізацыі.
На ўсход ад ВКЛ – у Масковіі (пазней Расеі) магдэбурскага права ніколі не было. Гарады Масковіі не ведалі такіх прывілеяў, якія мелі нашыя гарады.
У канцы ХVIII стагоддзя ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (часткай якой з’яўлялася і наша Вялікае княства Літоўскае) Расея захапіла наш горад.
Пасля гэтага магдэбурскае права знікла. Адны з першых захадаў, якія пачалі рабіць акупанты на нашай зямлі – гэта знішчэнне гарадскіх ратуш, дзе засядаў магістрат. Такім чынам Расея змагалася з падабенствам нашых зямель да еўрапейскай цывілізацыі…
Сёння паглядзець на адноўленую ратушу вы можаце ў Менску, Магілёве, у многіх гарадах Еўропы, дзе будынкі, у якіх засядаў орган самакіравання, захаваліся да нашых дзён…
Тым часам, у беларускіх школьных падручніках па гісторыі сёння пішуць пра тое, што ўваход Беларусі ў склад Расейскай імперыі прынёс шмат плюсаў для эканамічнага развіцця нашых зямель. Маўляў, пасля ўваходжання ў склад Расеі, мы далучыліся да агульнарасейскага рынку.
Але не надта афішуецца сёння, што тады мы страцілі агульнаеўрапейскі рынак, агульнаеўрапейскія эканамічныя, дэмакратычныя традыцыі. Адной з такіх традыцый і было магдэбурскае права…
Павел Дайлід
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…