МоладзьЗамежжа

Што такое HOSTEL?

Што самае галоўнае ў падарожжы? У першую чаргу – вызначыць спіс аб’ектаў і месцаў, якія хочацца наведаць. Разам з тым, не меншае значэнне ў любым падарожжы мае і месца начлегу.
Усё прасцей, калі ў запланаваным горадзе ёсць сябры альбо сваякі, гатовыя заўсёды прытуліць. А што рабіць, калі хочацца падарожнічаць, а бюджэт на пражыванне абмежаваны? Не бяда, у гэтым выпадку вам на дапамогу прыйдзе Hostel. Сугучча са словам Hotel – не выпадковасць. Hostel – гэта той жа гатэль, толькі кошты там больш дэмакратычныя і існуюць свае непаўторныя правілы.

Першае маё знаёмства з падобнымі месцамі пражывання прайшло сёлета. Маючы ў пашпарце польскую візу, мару паблукаць па вуліцах Варшавы ажыццявіць не складана. Менавіта тады ўзнікла пытанне з жыллём.

Паблукаўшы па сетцы інтэрнэту, я зразумеў, што ў прынцыпе праблем з жыллём у Варшаве няма. Вам прапануюць ад пяцізоркавых гатэляў у самым цэнтры польскай сталіцы да койка-месца ў студэнцкім інтэрнаце. Хостэл у гэтым спісе значыцца трохі вышэй студэнцкіх інтэрнатаў, паколькі часцей за ўсё інтэрнаты знаходзяцца далёка не ў цэнтры горада, а хостэлы размяшчаюцца бліжэй да гістарычнага цэнтра, часта ў старажытных дамах старой часткі горада.

У Варшаве, перад тым, як знайсці месца для начлегу, давялося пастарацца. У двух з пяці вылучаных хостэлаў вольных месцаў не знайшлося: набліжаліся выходныя і турыстаў у Варшаве станавілася больш. Таму лепш за ўсё месца браніраваць загадзя. Гэта зусім не складана, бо большасць хостэлаў мае свае сайты ў інтэрнэце.

Першы мой хостэл меў назву Helvetia і размяшчаўся ў некалькіх метрах ад помніка Каперніку, другі – Tamka, на суседняй вуліцы.

Асаблівасці

У хостэле вам не прапануюць нумар люкс, там усе жывуць разам на роўных умовах. У пакоі размешчана 4-5 двухпавярховых ложкаў, прычым разам у нумары могуць жыць людзі не толькі рознага полу, але і рознага колеру скуры, нацыянальнасцяў і г.д. – поўны інтэрнацыянал. Па большасці гэта моладзь, якая падарожнічае ў пошуках новых уражанняў і знаёмстваў.

Еўрапейскасць прыкметная тут вельмі выразна. Усе пакоі выкананыя ў сучасным непаўторным дызайне, хоць душ і туалет агульныя на ўвесь пакой альбо калідор, але там усё акуратна і прыбрана.

На кожным паверсе ёсць кухня, дзе бясплатна можна пакаштаваць каву альбо гарбату з печывам. У іншым хостэле раніцай кожны меў права паўнавартасна паснедаць – у выглядзе шведскага стала выбраць сабе альбо сухі сняданак з малаком, альбо бутэрброды з тварагом, джэмам ці сырам.

У пакоі для адпачынку ў карыстанні пастаяльцаў знаходзяцца тэлевізар з DVD-плэерам, кампутар з выхадам у інтэрнэт, музычны цэнтр.

Кошты

Яны вар’іруюцца, але нязначна. Першая ноч у хостэле мне абыйшлася ў 45 злотых (15 $). На другі дзень, перасяліўшыся ў хостэл за квартал ад папярэдняга, заплаціў ужо 35 злотых (крыху больш за 10$).

Сістэма хостэлаў вельмі развітая ў Еўропе. Накіроўваючыся ў любы буйны горад Еўропы, ці то ў Кракаў, Варшаву, ці то ў далёкія Амстэрдам ці Мадрыд, можна быць упэўненым, што там вы лёгка зможаце знайсці сабе месца для начлегу. Прычым па ўсёй Еўропе кошты будуць прыкладна аднолькавымі. Бо менавіта з гэтай мэтай і існуюць хостэлы, каб даць магчымасць маладым і авантурным людзям убачыць свет. Бо нішто так не вучыць людзей, як імкненне да самастой­ных адкрыццяў.

Як у нас?

Падарожнічаючы па Беларусі, рэдка сустрэнеш лёгкадаступнае жыллё на суткі. Часцей за ўсё гэта кватэры, якія здаюцца ў наём. А кошты за аднапакаёўку – ад 50 тысяч.

Падобным на хостэл можна назваць студэнцкі гатэль “Дзвіна” у Віцебску. Летась за двухмесны нумар мне давялося заплаціць там каля 35 тысяч, што ў прынцыпе параўнальна з коштамі еўрапейскіх хостэлаў).

Але колькі зарабляюць у Заходняй Еўропе і Беларусі? Думаю, розніца істотная. Ды і нашы непрывабныя гатэлі з саўковым інтэр’ерам і скрыпучымі ложкамі да таго часу не адчуюць еўрапейскага духу, пакуль людзі ў Беларусі не навучацца думаць і жыць па-еўрапейску.

Вы спытаеце, як гэта? Растлумачыць цяжка, гэта трэба адчуць.

Павел Белавус

Пакінуць адказ