Што самае галоўнае ў падарожжы? У першую чаргу – вызначыць спіс аб’ектаў і месцаў, якія хочацца наведаць. Разам з тым, не меншае значэнне ў любым падарожжы мае і месца начлегу.
Усё прасцей, калі ў запланаваным горадзе ёсць сябры альбо сваякі, гатовыя заўсёды прытуліць. А што рабіць, калі хочацца падарожнічаць, а бюджэт на пражыванне абмежаваны? Не бяда, у гэтым выпадку вам на дапамогу прыйдзе Hostel. Сугучча са словам Hotel – не выпадковасць. Hostel – гэта той жа гатэль, толькі кошты там больш дэмакратычныя і існуюць свае непаўторныя правілы.
Паблукаўшы па сетцы інтэрнэту, я зразумеў, што ў прынцыпе праблем з жыллём у Варшаве няма. Вам прапануюць ад пяцізоркавых гатэляў у самым цэнтры польскай сталіцы да койка-месца ў студэнцкім інтэрнаце. Хостэл у гэтым спісе значыцца трохі вышэй студэнцкіх інтэрнатаў, паколькі часцей за ўсё інтэрнаты знаходзяцца далёка не ў цэнтры горада, а хостэлы размяшчаюцца бліжэй да гістарычнага цэнтра, часта ў старажытных дамах старой часткі горада.
У Варшаве, перад тым, як знайсці месца для начлегу, давялося пастарацца. У двух з пяці вылучаных хостэлаў вольных месцаў не знайшлося: набліжаліся выходныя і турыстаў у Варшаве станавілася больш. Таму лепш за ўсё месца браніраваць загадзя. Гэта зусім не складана, бо большасць хостэлаў мае свае сайты ў інтэрнэце.
Першы мой хостэл меў назву Helvetia і размяшчаўся ў некалькіх метрах ад помніка Каперніку, другі – Tamka, на суседняй вуліцы.
У хостэле вам не прапануюць нумар люкс, там усе жывуць разам на роўных умовах. У пакоі размешчана 4-5 двухпавярховых ложкаў, прычым разам у нумары могуць жыць людзі не толькі рознага полу, але і рознага колеру скуры, нацыянальнасцяў і г.д. – поўны інтэрнацыянал. Па большасці гэта моладзь, якая падарожнічае ў пошуках новых уражанняў і знаёмстваў.
Еўрапейскасць прыкметная тут вельмі выразна. Усе пакоі выкананыя ў сучасным непаўторным дызайне, хоць душ і туалет агульныя на ўвесь пакой альбо калідор, але там усё акуратна і прыбрана.
На кожным паверсе ёсць кухня, дзе бясплатна можна пакаштаваць каву альбо гарбату з печывам. У іншым хостэле раніцай кожны меў права паўнавартасна паснедаць – у выглядзе шведскага стала выбраць сабе альбо сухі сняданак з малаком, альбо бутэрброды з тварагом, джэмам ці сырам.
У пакоі для адпачынку ў карыстанні пастаяльцаў знаходзяцца тэлевізар з DVD-плэерам, кампутар з выхадам у інтэрнэт, музычны цэнтр.
Яны вар’іруюцца, але нязначна. Першая ноч у хостэле мне абыйшлася ў 45 злотых (15 $). На другі дзень, перасяліўшыся ў хостэл за квартал ад папярэдняга, заплаціў ужо 35 злотых (крыху больш за 10$).
Сістэма хостэлаў вельмі развітая ў Еўропе. Накіроўваючыся ў любы буйны горад Еўропы, ці то ў Кракаў, Варшаву, ці то ў далёкія Амстэрдам ці Мадрыд, можна быць упэўненым, што там вы лёгка зможаце знайсці сабе месца для начлегу. Прычым па ўсёй Еўропе кошты будуць прыкладна аднолькавымі. Бо менавіта з гэтай мэтай і існуюць хостэлы, каб даць магчымасць маладым і авантурным людзям убачыць свет. Бо нішто так не вучыць людзей, як імкненне да самастойных адкрыццяў.
Падарожнічаючы па Беларусі, рэдка сустрэнеш лёгкадаступнае жыллё на суткі. Часцей за ўсё гэта кватэры, якія здаюцца ў наём. А кошты за аднапакаёўку – ад 50 тысяч.
Падобным на хостэл можна назваць студэнцкі гатэль “Дзвіна” у Віцебску. Летась за двухмесны нумар мне давялося заплаціць там каля 35 тысяч, што ў прынцыпе параўнальна з коштамі еўрапейскіх хостэлаў).
Але колькі зарабляюць у Заходняй Еўропе і Беларусі? Думаю, розніца істотная. Ды і нашы непрывабныя гатэлі з саўковым інтэр’ерам і скрыпучымі ложкамі да таго часу не адчуюць еўрапейскага духу, пакуль людзі ў Беларусі не навучацца думаць і жыць па-еўрапейску.
Вы спытаеце, як гэта? Растлумачыць цяжка, гэта трэба адчуць.
Павел Белавус
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…