Замежжа

Кіеў. Замалёўкі правінцыяла.

Кіеў – горад, пра які хочацца расказваць, на які можна доўга скардзіцца і дзе хочацца жыць.
Мне, як маладому і нястомленаму ад журналісцкага жыцця чалавеку, часам даводзіцца вучыцца і ўдасканальваць свае журналісцкія ўменні і навыкі, каб табе, паважаны чытач, кожны новы матэр’ял быў яшчэ больш цікавым. З гэтай нагоды “Дзедзіч” накіраваў мяне на некалькі дзён у старажытны Кіеў, каб павучыцца ў калегаў з Украіны практычнай журналістыцы ды пакаштаваць сталічнага ўкраінскага жыцця.

Калі прыязджаеш у новы горад, першае і звычайна праўдзівае ўражанне пра яго пакідае вакзал, у маім выпадку чыгуначны. Вялізны комплекс будынкаў, звязаных паміж сабою тунэлямі і хадамі, як сталінскай архітэктуры, так і сённяшняга мадэрну, ствараюць уяўленне “чыгуначнага горада” з насельніцтвам, якое пастаянна змяняецца.

Спатрэбіліся ўкраінскія грыўны. Накіроўваюся да абменніка, ужо па складзенай украінскай традыцыі, падыходзяць незнаёмыя людзі, прапануюць абмяняць па больш выгодным курсе. Чаму б і не? Дзіўна толькі, што да гэтага часу ва Украіне застаўся такі нелегальны абмен. Чаму ніхто не кантралюе, не змагаецца з нелегаламі? У нас такога няма ўжо гадоў 7, а тут на кожным кроку, у цягніках, асабліва ў невялікіх правінцыйных гарадах.

Далей – да метро. Шмат бруду. Здзіўляюць бабулькі, якія на прыступках пераходаў метро, сярод вулічнага смецця і картонавых скрынак, акрамя кветак гандлююць булкамі, хатнім малаком, шкарпэткамі ды нейкай садавінай. Кожны пераход уяўляе імправізаваны рынак.

Кіеўскі метрапалітэн – гэта асобная тэма. Станцыі метро, аблепленыя белай пліткай, нагадваюць савецкія басейны толькі з двума дарожкамі. Цягнікі з усіх бакоў аблепленыя разнастайнай рэкламай, на вокнах і дзвярах шмат і нелегальнай рэкламы, у выглядзе самаробных налепак, ды яшчэ і тэлеманіторы ў вагонах, на якіх акрамя назваў станцый таксама месціцца рэклама.

Нават у цягніках метро ходзяць людзі, якія спрабуюць нешта прадаць. Мне трапіўся барадаты мужчына, ён прапаноўваў набыць праваслаўныя каляндарыкі на наступны год.

У метро для студэнтаў і пенсіянераў ільгот няма, усе роўныя, але ж жэтон каштуе 2 грыўны. На гэтыя 2 грыўны на цэнтральных станцыях можна з асалодай пакатацца на эскалатары. Падымацца на ім даводзіцца некалькі хвілін, на сярэдзіне пад’ёму ні канца ні пачатку эскалатара не бачна, – глыбіня, на якой знаходзішся, не паддаецца ацэнцы і пужае.

Спускаюся ў метро да станцыі Жытомірская, увагу прыцягнула вялізная чарга з некалькіх сотняў людзей. Чаго яны чакаюць і куды накіроўваюцца ў пятніцу вечарам? Высветлілася, што ўсе яны чакаюць аўтобусаў і маршрутак на Жытомір, горад у 140 км ад Кіева. Гэтыя людзі, на выходныя вяртаюцца дамоў, а ў будзённыя дні працуюць у сталіцы, не маючы магчымасці нармальна зарабляць у родным горадзе.

Кіяўляне не хочуць працаваць на таннай працы: грузчыкамі, касірамі, кансультантамі, таму на вольныя працоўныя месцы з усіх рэгіёнаў едуць вялікія масы народу. Яны гатовыя працаваць за 400-500 даляраў, бо гэта большыя грошы, чым тыя, што можна зарабіць у іншых частках Украіны. Хто хоча яшчэ большых заробкаў за некваліфікаваную працу – едзе на Захад ці ў Маскву.

Жыллё ў Кіеве вельмі дарагое: аднапакаёвая кватэра ў месяц – 300-400 даляраў, таму дзе і як жывуць гэтыя людзі – не зразумела. Горад гумавы, захоплівае ўсіх. І перапоўнены. У час-пік гэтую перапоўненасць сваім целам адчуваеш у аўтобусе. Немагчыма нармальна ехаць ні на машыне, ні ў метро. Афіцыйна пражывае 2,7 млн людзей, але з тымі, хто працуе і жыве ў Кіеве без рэгістрацыі і прапіскі, колькасць павялічваецца да 4 млн.

Сам горад па-сапраўднаму прыгожы, велічны і магутны. Вялізныя сталінскія будынкі Хрэшчаціка, жывая архітэктура Пятроўкі ды сучасны мадэрн ствараюць уражанне самазабяспечанага, дарагога і заможнага горада. А вялікія царкоўныя комплексы – Кіева-Пячорская лаўра, Сафійскі сабор – дадаюць духоўнасці і шарму.

Горад інтэнсіўна будуецца, дамы у старой цэнтральнай частцы залазяць адзін на адзін, гмах на гмаху. У новых мікрараёнах будуюцца замест савецкіх “кітайскіх сценак” шматпавярховыя хмарачосы.

Сярод гэтых дамін раптоўна натрапіў на вінны барчык. У невялічкім, звонку бетонавым, а унутры драўляным памяшканні кіяўляне п’юць французскае віно. Паспрабаваў параўнаць з менскімі коштамі.

За 4-5 даляраў тут можна пакаштаваць віно лепшых заводаў і прыватных вінаробаў як Францыі, так і, крыху танней, Украіны.

Менскія бары такія кошты ўжо даўно пераплюнулі. Пра алкаголь можна наогул прамаўчаць, асартымент нерэальны, колькасны выбар якаснага і даволі таннага алкаголю кружыць галаву. Здзіўляе, як украінская нацыя да гэтага часу не спілася канчаткова.

Ды і ў вялікіх крамах і супермаркетах кошты часам прыемна здзіўляюць. Тут можна трапіць на сапраўдныя зніжкі і ў стоксу (крамы, спецыялізаваныя на распродаж астаткаў калекцый) набыць якасныя венгерскія туфлі альбо “олдскульныя” красоўкі Adidas за 30 даляраў.

Украінская мова суправаджае паўсюль. Добра разумею і праблем не ўзнікае, часам толькі сустракаюцца цікавыя словы, якім не адразу падбярэш беларускі адпаведнік: взуцця, цілодобово. Але пакуль мова заў­важна кідаецца ў вочы толькі на рэкламных стэндах, шыльдах і афішах, у аб’явах гарадскога транспарту. Шмат яшчэ насельніцтва ў Кіеве размаўляе па-расейску з добра адчувальным украінскім акцэнтам.

Затое ўкраінцы адказныя. Здзівіла, калі ў перапоўненым гарадскім мікрааўтобусе людзі нават з самай задняй яго часткі актыўна перадавалі грошы кіроўцу за праезд, хоць ніякага кантролю ды і наступстваў за безбілетны праезд не было б.

Кіеў вялікі, яго немагчыма ахапіць за два вечары, немагчыма ўбачыць яго жыццё цалкам. Але гэтых двух вечароў мне хапіла, каб адчуць яго дух, унутраны стан горада. І паабяцаць самому сабе вярнуцца сюды яшчэ раз. Вярнуцца, каб пазнаць яго яшчэ глыбей.

Толькі гэта адзін горад, хоць і сталічны, уся астатняя Украіна жыве па-іншаму. Таму не магчыма зразумець: лепш жыве Украіна за Беларусь ці не. Наш Менск мне падаецца больш утульным, чыстым і светлым. Можа гэта просты патрыятызм?

Так, патрыятызм.

Павел Белавус

Пакінуць адказ