Моладзь

Як студэнту знайсці працу?

Калі ты студэнт і не маеш ў кішэні на кожны дзень 100$ ад добрых бацькоў, то гэта цудоўна. Значыць твае сябры не чакаюць, што ты выцягнеш зноў з кішэні пачак зялёных грошаў і паклічаш усіх на крутую вечарыну ў свой вялікі дом за горадам. Значыць вакол цябе шмат сапраўдных сяброў і добрых знаёмых, якія бачаць у табе цікавага чалавека, а не торбу з грашыма.

Але ж хочацца мець у кашальку ўвесь час грошы, якіх не шкада выдаткаваць на бу­тэльку піва ці паход у начны клуб. Таму даводзіцца, як нармальнаму еўрапейскаму студэнту, часам зусім не па-еўрапейску і не ў еўрапейскіх умовах шукаць працу, якая дазволіць ажыцявіць твае штодзённыя мары і будучыя перспектывы.

І гэты пошук можа прывесці да нечаканых наступстваў і вынаходніцтваў, якіх ты на пачатку і не прагназаваў. На гэтым шляху ўзнікаюць і значныя перашкоды, і прыемныя лёсавырашальныя сустрэчы.

Таму калі ты яшчэ не знайшоў працу, то пасля таго, як прачытаеш наш матэрыял, можаш адразу пачынаць. А калі ўжо працуеш, то пачытай, як гэта атрымалася ў іншых студэнтаў.
Досвед іншых заўсёды паказальны.

Куды пайсці?

ПЕРСПЕКТЫВЫ СТУДЭНЦКАЙ ПРАЦЫ

Праца студэнта дзённага навучаня не чакае, яго не прымуць адразу ў крутую фірму, на вялікую пасаду. Таму выбіраць і шукаць працу трэба больш сціплую і, зразумела, з гібкім графікам.

Выбару, як такога, няма, і пэўнага спісу з пасадамі – таксама. Прасцей, зразумела, у сталіцы, там і магчымасцяў таксама значна больш: ад ўсенароднага “Макдональдса” да акцёра ў касцюме бегемота на якім-небудзь свяце.

Калі ты ўсё ж такі вырашыў шукаць працу і атрымліваць за яе грошы – пужацца не трэба, што праца можа быць зусім не камфортнай. Пачынаць трэба са складанага і часам нязручнага, каб потым чагосьці па-сапраўднаму дасягнуць. Гэта жыццёвая практыка.

Каб упэўніцца, што цябе ніхто нідзе не чакае, можна спачатку зазірнуць у цэнтр занятасці, дзе злосныя цётачкі растлумачаць, што для студэнтаў дзённага навучання там працу не прапаноўваюць.

Тады можна адгукнуцца на шматлікія прапановы, якімі абклеены гарадскія слупы і прыпынкі, аб працы з часовай занятасцю. Гэта сеткавы маркетынг. Давядзецца ўвесь час бегаць па офісах і фірмах, пераконваць сваіх сяброў і знаёмых, што твой тавар самы лепшы і непаўторны.

Галоўнае выбраць што прадаваць: біялагічныя дадаткі, касметыку, адзенне ці ўсялякія дробныя хатнія прылады. Але для гэтай працы патрэбен камерцыйны талент, уменне наладжваць зносіны і прасоўваць тавар.

Варта чытаць і пісаць аб’явы. І ў газетах сустракаюцца цікавыя прапановы: падсобнік на будоўлю, афіцыянт у кавярню ці начны клуб, няня. Напісаць аб’яву можна і самому. Гэта можа быць і тая ж праца няні, і часовая фізічная праца. Усё залежыць ад тваіх магчымасцяў.

Калі ты крэатыўны і творчы чалавек, то працу сабе можна прыдумаць. Адзін хлопчык набыў сканер і прынтар і ў інтэрнаце аказвае паліграфічныя паслугі, бо раздрукоўка сярод студэнтаў заўжды запатрабаваная. Іншы выдае кампутарную газету.

Дзяўчынкі таксама выкарыстоўваюць свае таленты: адна добра рабіла манікюр і з часам, калі чуткі пра яе ўменне разышліся і ў інтэрнаце і ва універсітэце, паклала гэта ў пачатак уласнага бізнэсу. Іншая, скончыўшы яшчэ ў школьны час курсы цырульніка, не закінула гэтую справу і паралельна з навучаннем у ВНУ на біялагічным факультэце, стрыжэ людзей.

Ты вучышся ў вышэйшай навучальнай установе, хутчэй за ўсё на якой-небудзь педагагічнай спецыяльнасці, таму свае назапашаныя за некалькі гадоў веды можаш пачынаць перадаваць (прадаваць) іншым.

Рэпетытарства – адна з магчымасцяў замацаваць свае веды і навучыць школьніка таму, што добра ведаеш сам. Можна выконваць кантрольныя за лянівых завочнікаў. Гэта прапановы для выдатнікаў. Калі ж у навучанні ты не дасягнуў вялікіх вышынь і навучыць нікога не можаш, то ёсць варыянт здаваць кроў і раз на два месяцы атрымаць 60 тысяч рублёў, кубак гарбаты, пачак печыва і тры шакаладкі. А калі маеш дзетак, то можна паспрабаваць здаць і сперму.

Некаторыя студэнты выкарыстоўваюць памежнае становішча Берасця і зарабляюць на перапродажы тавараў з Польшчы. Ёсць шмат студэнтаў, якія зарабляюць на жыццё і адукацыю, з раніцы ходзячы ва універсітэт, а пасля пар ганяючы штодзённа за мяжу.

Засталося яшчэ некалькі варыянтаў: для дзяўчынак – знайсці анёла ахоўніка ці проста спонсара, але за такую дабрату давядзецца “разлічвацца”, а гэта можа быць і стары вычварэнец, і прагавіты “хач”, а можа і будучы муж, які дзеля вас кіне жонку з дзецьмі; для хлопцаў – знайсці жанчыну сярэдняга ўзросту, якой надакучыў зануда-муж, і хочацца адчуць нешта новае і, здавалася, страчанае.

Мой сябар пазнаёміўся з такой жанчынай. Яна купляла яму джынсы, вадзіла ў начныя клубы, а калі з’язджаў муж, запрашала дамоў.

Засталося сказаць пра выпадковасць. Яна суправаджае любога чалавека, у тым ліку і студэнта. І не пужайцеся, калі на вуліцы падыйдзе незнаёмы чалавек і прапануе здымацца ў фільме ці рэкламе, альбо паўдзельнічаць у кастынгу, бо вы як раз падыходзіце. Такое таксама бывае.

Шукайце, чакайце, спабуйце, прыдумляйце – нешта абавязкова атрымаецца.

Любімае Хобі з часам можа стаць працай

(студэнцкія гісторыі вядомых беларускіх музыкаў)

Многія беларускія музыкі, лідэры рок-гуртоў не маюць музычнай адукацыі, а пачыналі яны ствараць свае гурты ў студэнцкія гады, бо гэта тады было ім цікава. А зараз стала сэнсам жыцця і заробкам.

Распавядае Лявон Вольскі – лідэр гуртоў “N.R.M” і “Крамбамбуля”:

– Я вучыўся ў мастацкай навучальнай установе і мусіў стаць мастаком, таму ўвесь час прысвячаў спецыяльнасці. А яшчэ музыцы, якой ужо тады пачаў займацца. Па агульнаадукацыйных прадметах, што заставаліся такімі баластамі, я быў слабенькі. А дысцыпліна… Якая дысцыпліна? Я ж музыкай займаўся!

Пра сваю студэнцкую працу распавядае Піт Паўлаў – гітарыст “N.R.M”:

– Пасля першага курса я трапіў у будатрад збіраць памідоры. Сітуацыю ратавала толькі тое, што на 5 хлопцаў прыходзілася 100 дзяўчат з медычнай ву­чэльні. Выспацца так і не давялося.

Піт Паўлаў (зправа) і Алег Піваварчык

Піт Паўлаў (зправа) і Алег Піваварчык

Дарэчы, на гэтым фота ён (справа) разам з будучым інжынерам Алегам Піваварчыкам, з якім яны разам пачыналі музычную кар’еру. На наступнае лета Піт у будатрад не трапіў – выключылі.

Затое ён стаў адным з лепшых гітарыстаў Беларусі, лідэрам праектаў Garadzkija, Pete Paff і гітарыстам N.R.M.

Лепшымі гадамі навучаньня Аляксандар Кулінковіч – лідэр гурта “Нейра Дзюбель” лічыць ПТВ № 23, адкуль ён выйшаў сантэхнікам:

– Вучыцца падабалася не надта, але які антураж. Адразу пасля гэтага падаўся у БДУ на журфак, так і не папрацаваўшы па атрыманай у ПТВ спецыяльнасці. Але на журфаку пратрымаўся толькі паўгады, бо замінала вучыцца цікаўнасць да музыкі. Аднойчы проста ўзяў і сыйшоў з лекцыі па ангельскай мове і – не вярнуўся. Папрасіў таварыша забраць мой канспект. Канспект вярнулі праз дзесяць год.

Ці варта звяртацца на біржу працы?

Закон “Аб занятасцi насельнiцтва” разглядае студэнта дзённага навучання ў якасці занятага. Гэта значыць чалавека, што мае заробак або прыбытак, у нашым выпадку – стыпендыю (хаця, як жа тады студэнты-дзённікі, якія навучаюцца платна і не атрымліваюць стыпендыі?)

Студэнт-вочнік не можа прайсці прадугледжаную для людзей без працы працэдуру рэгістрацыі беспрацоўным. А дапамога ў пошуку працы ажыццяўляецца спецыялістамі цэнтраў занятасці толькі зарэгістраваным беспрацоўным.

Адзінае, з чаго можа скарыстацца студэнт на біржы працы – гэта са спісу вакансіяў, прадстаўленага для агульнага агляду ў калідорах. У пошуку падпрацоўкі студэнт-вочнік можа абаперціся на каго ці што заўгодна – бацькоў або ўласныя кантакты, – толькі не на дзяржаву.

Расказвае адзін са спецыялістаў Берасцейскага гарадскога цэнтра занятасці насельніцтва:

“Максімум, што мы можам параіць студэнтам, якія звяртаюцца да нас па дапамогу, гэта паспрабаваць абтэлефанаваць працадаўцаў, што адразу пазначылі ў інфармацыі пра вакансію – 0,5 стаўкі, і прадставіць такі спіс вакансіяў. Але звычайна гэта нізкакваліфікаваная праца прыбіральшчыцы або падсобнага рабочага. А больш цікавую працу з “плаваючым” рэжымам працы студэнты, зазвычай, шукаюць самі. Не шмат хто згаджаецца на такі, часцей нізкааплатны, прырабатак”.

Завочнікі і навучэнцы вячэрніх школаў лічацца незанятымі катэгорыямі насельніцтва і могуць скарыстацца з паслугаў дзяржаўнай біржы працы. А студэнтам дзённага навучання не варта расчароўвацца: ёсць яшчэ знаёмыя, знаёмыя знаёмых і прыватныя кадравыя агенцтвы.

Апытанне

Каб даведацца ці працуюць берасцейскія студэнты і наогул ці маюць такую магчымасць, “Дзедзіч” правёў сярод 100 студэнтаў Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта апытанне.

Атрымалася, што:

Працуюць альбо працавалі часова ці на працягу пэўнага тэрміна – 45%
Спрабавалі шукаць, але не знаходзілі ці прапановы не задавальнялі – 17%
Не спрабавалі працаваць, але былі б не супраць альбо збіраюцца заняцца пошукам у бліжэйшы час – 21%
Ніколі не шукалі, бо не бачылі патрэбы – 11%
Іншае – 6%

Што цікава, сярод працуючых 70% хлопчыкі, ім на самой справе лягчэй знайсці працу. Сярод працуючых студэнтаў 60% – прыезджыя з вёскі ці іншага горада, яны хутка адаптуюцца і пачынаюць пошук, бо маюць свабоду ў дзеяннях, не маючы бацькоўскага нагляду. Шмат тых, хто працаваў толькі летам ці непрацяглы час.

Падрыхтавалі: Яўген Сашко, Павел Белавус, фота: photo.bymedia.net.

Пакінуць адказ