Якія беларускія словы пры гэтым ужыць? Гэта цікавае пытанне. Большасць маіх таварышаў, звяртаючыся да мяне па-беларуску, гавораць “Прывітанне!” Але ці добра так казаць?
Спрабую зараз успомніць хоць які радок з падобным вітаннем з нашых класікаў або падобную фразу з вуснаў маіх дзядоў і не магу. Ці сапраўды тады беларусы вітаюцца так?
Па ўсім відаць, не. І тут заднімі дзвярыма пралазіць у беларушчыну расейшчына. Велікарусы ўжываюць свой “привет” двума спосабамі: як выгук, якім яны вітаюцца (Эй, привет!) і як назоўнік, які адпавядае па значэнні беларускаму “прывітанню, вітанню”.
Але ж гэта супадзенне ў велікарускай мове выпадковае, і пераймаць у велікарусаў ужыванне назоўніка “прывітанне” у якасці вітальнага выгуку няма ніякай патрэбы.
Цікава, што аналагічная з’ява назіраецца і ў выпадку слоў пока/пакуль. У велікарускай мове гэты злучнік і развітальны выгук аманімічныя. І, беручы гэту аманімічнасць і ў сваю індывідуальную мову, некаторыя беларусы пачынаюць развітвацца… беларускім злучнікам! Было б гэта смешным, каб не шкодзіла мове.
Я дык больш люблю вітацца словамі “Добры дзень” (або “Дзень добры” – мая бабуля часцей ужывае так). Імі можна вітацца з якім заўгодна чалавекам, незалежна ад яго веку і сацыяльнага становішча.
(Дарэчы, адкрыю вам адну таямніцу – беларусы не гавораць адзін аднаму “Добрай раніцы” – толькі адразу “Добры дзень” (нават калі яшчэ рана) і “Добры вечар“. Рабіце заўвагі таму, хто ўжывае “Добрай раніцы”, бо гэта не па-беларуску.)
Адпаведнікам велікарускаму “здравствуй(те)” будзе наша “Добрага здароўя!” (або проста “Здароў!“). Такое вітанне часта можна чуць ад старых людзей. Праўда, я нейкі час думаў, што яно паўстала ад “Добры дзень!” пад уплывам “здравствуйте“, аднак нядаўна сустрэў яго ў падручніку нямецкай мовы, выданым яшчэ да савецка-нямецкай вайны. Так што гэта вітанне – беларускае, ужывайце на здароўе.
Шмат яшчэ як можна павітацца: “Чалом!” (урачыстае вітанне), “Дабраслаў!” або проста “Вітаю!“, хоць гэтыя словы рэдкія. Але калі нехта іх упадабае – чаму не.
Развітвацца таксама можна па рознаму (але толькі не гаварыць “пакуль“!): “да пабачэння” (а лепей “да пабачання” (націск на другі склад), “бывай(це)“, “шчасліва” і г. д.
У канцы яшчэ адзін харошы выраз беларускі: “Як маешся? (Як маецеся?)“. Ён адпавядае па значэнні ангельскаму “How do you do?” або нямецкаму “Wie geht’s?“.
У маім сяле з падобным значэннем ужываецца (разам з “Як маешся?“) “А што ты? (А шчо ты?)“. Пытанні гэтыя больш рытарычныя, і хутчэй патрабуюць фармальных адказаў, чым доўгіх наратываў аб гаротным жыцці і долі-нядолі.
Можа і спакайней “просто говоріть по-русскі”, але ўсё-такі мусім дбаць пра беларускую мову. У ёй адбіваецца псіхіка і душа народа (таму мова і каштоўная), і прынцып “хай абы-якой, але беларускай мовай” (з усякімі “пакуль“, “добрай раніцы” і г.д.) мусіць быць адкінуты.
Юрка Агіевіч
Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…
Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…
Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…
Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…
Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…
Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…