Гісторыя

Ян Булгак: “Cпыніся імгненне, ты цудоўнае!”

Сёння мы прадстаўляем вашай увазе асобу цікавую і шматгранную. На жаль, яе імя сучаснай моладзі ў пераважнай большасці незнаёмае. Але чалавека, пра якога будзе весціся гаворка, варта ведаць у твар.

Ітак, Ян Булгак – слынны беларускі і польскі этнограф і фалькларыст, а найперш – майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі.

Ян Булгак нарадзіўся 6 кастрычніка 1876 года ў вёсцы Асташына цяперашняга Наваградскага р-на Гарадзенскай вобласці. Дзякуючы яму, да нашага часу дайшлі выявы людзей, вёсак і гарадоў, а таксама архітэктурных помнікаў краю, якіх даўно няма ў рэчаіснасці.

З поўным правам Яна Булгака называюць віленскім фотамайстрам. У 1912 годзе, калі з ініцыятывы Фердынанда Рушчыца Археалагічная камісія гарадской управы Вiльнi вырашыла стварыць віленскі фотаальбом, альтэрнатывы не было – з вёскi Перасека з-пад Менска быў запрошаны майстар Ян Булгак…

Ён не жыў у былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага, але ўлетку i позняй восенню, калі з палёў сабраныя былi апошнiя зямныя плады, фатограф наязджаў у Вiльню. Сярод тых, з кiм ён ладзiў свае першыя шпацыры па горадзе, былі Iван Луцкевiч i Фердынанд Рушчыц.

Разам з Луцкевiчам па панядзелках яны хадзiлi ў дом на Зарэччы, над стромкім берагам хуткацечнай порсткай Вілейкi. Тут, у кватэры Рушчыца, збiраўся незвычайны салон – квецень вiленскай культуры, жорстка адабраная самiм гаспадаром.

… Падчас адной з тых вечарынаў на Зарэччы Ян Булгак і атрымаў замову ад гарадскога галавы Вiльнi спадара Мiхала Венслаўскага стварыць поўны “гарадскi фотаархiў”. Вось тады Булгак ужо на працяглы час перабраўся ў Вільню. Ён пісаў:

“Я мусiў з кансультацыямi Рушчыца iнвентарызаваць усе помнiкi вiленскай архiтэктуры пры дапамозе шэрагаў здымкаў, агульных i фрагментарных, i стварыць з iх альбомы…”

У перыяд з 1912 па 1919 год Булгак выканаў некалькi тысячаў здымкаў сакральнай архiтэктуры, палацаў, могiлак, вулiц i завулкаў Вiльнi. Для сваiх мастацкiх выправаў ён наўмысна абiраў сонечныя днi, гадзiны першых звонкiх прамянёў і мядовага святла папалуднi. Пазней, у 1936 годзе, у сваёй кнiзе “Эстэтыка святла” Булгак напіша: “Архiтэктура без сонца – мёртвая і пляскатая…”

Маштабы асобы Яна Булгака з цяжкасцю змяшчаюцца ў нашыя ўяўленнi пра тую пару, пра тое фота, пра тое мастацтва. Ён з’яўляецца заснавальнiкам i старшынёй фотаклуба Польшчы, вiленскага фотаклуба, саюза польскiх мастакоў-фатографаў, польскага фатаграфiчнага таварыства.

Ён аўтар дзясяткаў артыкулаў i шматлiкiх кнiг, педагог, бiблiёграф, фалькларыст, гiсторык мастацтваў.

Менавiта Булгак – першы беларускi гiсторык фатаграфii. Яму належыць спецыяльная праца “Пра першых вiленскiх фатографаў з XIX стагоддзя”, якая выйшла асобнай кнiгай у Вiльнi ў 1939 годзе.

Мастак апублікаваў шмат здымкаў беларускіх краявідаў, вёсак, гаспадарчых пабудоў, беларускіх сялян у этнаграфічных выданнях і часопісах “Ziemia” (“Зямля”), “Kwartalnik Litewski” (“Літоўскі квартальнік”), “Wies ilustrowana” (“Ілюстраваная вёска”) і інш.

Найбольш вядомыя з тых фотаздымкаў – “Беларус з-пад Клецка”, “Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Менскам”, “Жабракі-беларусы пад Менскам”, “Беларуская дзяўчына з-пад Клецка ў народным убранні”, “Беларуска з-пад Клецка ў народным строі з самаробнага сукна” і інш.

У 1944 годзе каласальны архiў i фотатэка Булгака (звыш 10 тысячаў адзiнак) былi панiшчаныя полымем савецкай бамбардзіроўкi…

А ў 1950 годзе фатографа не стала. На той момант ён жыў у Варшаве.

Цяпер, на жаль, большасці гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў творы Яна Булгака не даступныя. Многія яго фотаздымкі беларускіх зямель зберагаюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы і Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы ў Вільнюсе.

Алена Дземідзюк

Пакінуць адказ