Гісторыя

Некранутыя старонкі беларускай літаратуры

Таталітарызму не патрэбны іншадумцы – гэты тэзіс за сямідзесяцігоддзе чырвонага тэррору і ахлакратыю постсацыялістычных гадоў добра, так бы мовіць “на ўласнай скуры” адчула беларуская інтэлігенцыя ХХ і ХХІ стагоддзяў: Гарэцкі, Аляхновіч, Гартны, Салавей, Арсеннева, Геніюш, Быкаў… – спіс можна доўжыць бясконца.

Але ён будзе няпоўным без імя Майсея Сяднёва, чалавека, які Бацькаўшчынай “гнаны за беларускасць” у 2001г. памёр у далёкай Амерыцы, так і не атрымаўшы прызнання сваёй Радзімы.

Калі быць дакладным, то намаганні, звязаныя са спробай вярнуць беларускай літаратуры прозвішча Сяднёва былі: у перыяд Адраджэння (1990-х гг.) у новых падручніках па беларускай літаратуры для сярэдніх школ пабачылі свет вершы Майсея Сяднёва, але, у наступных выданнях, разам з вершамі Геніюш і Арсенневай, за “несоответствие идеологическому курсу” бруднымі рукамі менскіх чыноўнікаў былі выкрэслены з літаратурнай спадчыны Беларусі.

Я вывучаў іх (незразумелыя словы ў Лемантары – А.Л.) і хацеў, каб такіх слоў было як найбольш… Гэтак і стаўся беларусам. Адсюль і пачалася мая дарога да беларушчыны. Яна ішла праз Саматэвіцкую сямігодку, праз Педтэхнікум ў Асмалаўі… праз турму, праз Калыму, але найперш за ўсё – праз вершы…

Майсей Сяднёў. Ліст да Г.Тварановіч ад 01.12.2000г.

І. Curriculum vitae

Нарадзіўся Майсей Ларывонавіч Сяднёў 1 верасня 1915г. у вёсцы Мокрае Магілёўскай вобласці. Паступіў у Менскі педінстытут, аднак у 1936г. быў абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і сасланы на Калыму.

 

Напярэдадні восені 1940г. вязняў, у тым ліку і Сяднёва, прывезлі ў менскую турму (для перагляду справы) дзе іх і застала вайна. У чэрвені нямецкія самалёты разбамбілі турму, дзе супрацоўнікі НКУС метадычна катавалі і забівалі зняволеных беларусаў.

Аб гэтых падзеях яскравей за самога аўтара кажуць толькі ягоныя творы. У вершы “Параніла сябе густая ноч” знаходзім:

… Турма. Як бляск вар’яцкіх воч,
у вокнах б’ецца жах…
Цялячы крык упаў на брук
І – лужына крыві.
І нейчы голас: пальцы рук
сьціскай мацней, даві!
Заплакаў брук на гэты грэх,
крывёю – капяжы.
Яны, сцякаючы са стрэх,
застылі ў нажы…

Аналізуючы гэты верш, М.І. Мішчанчук у брашуры “Чатыры партрэты беларускіх паэтаў-эмігрантаў” піша:

“Трагедыйным вобразам-дэталлю з’яўляецца вобраз – параўнанне жаху ў вокнах з бляскам вар’яцкіх воч… У наступных строфах адчуванне жаху ўзмацняецца яшчэ больш: паказваюцца за працай каты, што трушчаць чалавечыя пальцы, пакідаючы пасля сябе крывавыя лужыны, і, нават, нежывое – той самы турэмны двор – не вытрымлівае выпрабавання болем і пакутамі жывых – ён плача “за гэты грэх”…

Ратуючыся ад камуністычнага молаху з першых год вайны Сяднёў выязджае на эміграцыю. Напачатку жыве ў Берліне, а з цягам часу ад’яжджае ў Глен Коў (ЗША), дзе і пражыў да самой смерці. На Беларусі Майсею Сяднёву давялося пабываць толькі аднойчы ў 1990-х гг. Памёр пісьменнік 5 лютага 2001г. па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны.

ІІ. “Сталіцаю гнаны за беларускасць…”

Як ужо адзначалася раней, таталітарызм (будзь ён у постаці Сталіна, або…) не прымае іншадумцаў, таму і Сяднёў, адзін з нешматлікіх пісьменнікаў, якія адважыліся сказаць праўду аб Другой сусветнай вайне, вымушаны быў цярпець нападкі тагачаснай крытыкі.

Асноўным абвінавачваннем пісьменніка было тое, што, быццам бы, Сяднёў радасна вітаў пачатак вайны. У якасці доказа прыводзілі верш “Вызваленне”:

Збамбілі ля турмы ўвесь квартал,
і я пайшоў у сьвет раскутым.
Як радасьць для сябе, вайну я прывітаў
радкоў маіх лірычнейшым салютам.
Стаяў такі празрысты дзень, маўляў
на ўзмор’і пенай вымытай салёнай.
Я цэлы сьвет благаслаўляў
затым, што сам я быў благаславёны.
Маліўся сіле агнявой
і дню, што лёс мой перайначыў.
Я самалёту кожнаму над галавой
жадаў найлепшае ўдачы.
Як зьвязаныя ніцямі душы,
і ў лёце ня гублялі яны згоды.
І крыльле іх у сонечнай вышы
гарэла водблескам мае свабоды.

На першы погляд, можна пагадзіцца з думкай Б.Сачанкі, які вінаваціў Сяднёва ў прыхільным стаўленні да Другой сусветнай вайны, у тым, што паэт “як радасьць для сябе…” вітаў яе, але тэзісы, якімі аперыраваў на той момант Сачанка (якія і зараз ва ўжыванні сярод некаторых “літаратуразнаўцаў”) не маюць пад сабой рэальнага абгрунтавання.

Каб высветліць адказ на пытанне “Чым была вайна для Сяднёва?”, трэба вярнуцца да верша “Параніла сябе густая ноч”, дзе паэт апісвае жахі камуністычнага зняволення. Цікава, а як мог сустракаць вайну чалавек, якога гэтая вайна выратавала ад пакутлівай смерці? Ана-лізуючы зборнік “Патушаныя зоры” (1975), у якім змешчаны вышэйпрыгаданы верш “Вызваленне”, у кантэксце біяграфічных дадзеных пісьменніка, прыходзім да высновы, што творчасць Майсея Сяднёва “не сведчыць пра паэтава прыманне пачатку вайны і фашысцкай акупацыі як вызваленчага акту, а мае характар канстатацыі фактаў – выбаўленне з-за кратаў…” (М.І. Мішчанчук).

У гэтым жа зборніку, некалькімі старонкамі далей, выказваецца аўтарскае непрыняцце вайны: гэта і дзяўчынка, якая чакае свайго бацьку (Цяжкі адказ), гэта і молах-рэйхстаг, які “стаяў… на нашай сьпіне” (З “гістарычных датаў”), гэта і праблема так званага “згубленага пакалення” (Вайна цішыні).

Але галоўнае, за што дыктатура не магла (і не можа дагэтуль) прыняць “дарунак” Сяднёва – гэта праўдзівае раскрыццё сутнасці вайны. У паэме “Лірычны дзённік” паэт наступным чынам характарызуе стаўленне да нямецкай і савецкай армій беларускага народа:

Партызаны чырвонаю мольлю
раз’ядалі нутро цішыні.
На млынох сабе хлеб малолі
і жаніліся на тры дні.
–    Нам і тыя і тыя – ня мілы ўсе…
–    Пэўна, лёс наш сялянскі такі…

"Партрэт Масея Сяднёва". Анатоль Крывенка, 1993г.

"Партрэт Масея Сяднёва". Анатоль Крывенка, 1993г.

Сваёй творчасцю Майсей Сяднёў разбурае накінуты КПСС стэрэатып аб “доблести” савецкай “арміі-вызваліцельніцы” і “мужнасці” партызан.

 

Безумоўна, што вартасць творчасці Сяднёва не толькі ў выкрыцці антыгуманнасці тата-літарных рэжымаў усіх часоў. Найбольш яскрава свой талент пісьменнік праявіў у інтымнай лірыцы, лірыцы, прысвечанай апісанню мясцін Бацькаўшчыны-Беларусі, філасофскай і абуджальна-патрыятычнай тэматыцы. Лірычны герой Сяднёва па глыбіні ўнутранага свету не саступае героям Багдановіча і Барадуліна, а ў асобных вершах нават і уздымаецца над імі.

Мэтай артыкулу было не азнаямленне чытача з творчасцю М.Сяднёва, а спроба адказаць на пытанне: “Чаму чалавек, які заслугоўвае на “пачэсны пасаг” між іншымі пісьменнікамі Беларусі, застаецца на перыферыі гісторыі нашай літаратуры?”

 

 

IІІ. Замест эпілога

“І мне-б магло нясьціся “брава”,
і мне-б маглі зайграць музыкі.
Ды што мне гэтакая слава!..”

М.Сяднёў. Я не паэт

Андрэй Ляўчук

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *