Гісторыя будаўніцтва шматпавярховак сыходзіць сваімі каранямі ў глыбокае мінулае. Пачынаючы з біблейскіх часоў, “будаўнічая гігантаманія”прысутнічала ўсюды, дзе людзі аб’ядноўваліся ў супольнасці.
Першым хмарачосам ў гісторыі чалавецтва была Вавілонская вежа, але, як вядома, праект, калі можна так сказаць, не атрымаўся.
Пасля гэтага людзі будавалі піраміды, палацы, храмы – гэтыя будынкі часцяком насілі культавы характар, а прычына такога будаўніцтва, была адна – жаданне выцерці нос іншым народам і іх кіраўніцтву. У 20 стагоддзі гэтай хваробай перахварэлі многія дзяржавы і краіны – Нямэччына ў эпоху гітлерызму; СССР, пасля вайны. Яскравы прыклад – ЗША ў сярэдзіне трыццатых.
Але, вядома ж, тып высокага дома ў сучасным уяўленні стварыла, несумненна, Амерыка. І прызначаўся гэты дом не для жылля, а для размяшчэння цэнтральных устаноў. Заўважым, што кропкай адліку ўзнікнення амерыканскіх хмарачосаў лічаць узвядзенне вышыннага каркаснага будынка інжынерам Г. Эйфелем – аднайменнай вежы ў Парыжы.
Далей – толькі вышэй. Самым вядомым у свеце хмарачосам з’яўляецца Empire State Building, які быў адкрыты ў 1931 годзе. Аж да 1972 года ён лічыўся і самым высокім у свеце (разам са шпілем меў вышыню 443,5 метраў, без шпілю – 381 метр). Яго будаўніцтва пачалося 17 сакавіка 1930 г. Афіцыйна Empire State Building быў адкрыты прэзідэнтам Гербертам Гуверам 1 мая 1931. Будынак, якое налічвае 102 паверхі быў спраектаваны архітэктарамі фірмы Shreve, Lamb & Harmon Associates.
Беларусь на парозе вышыннага будаўніцтва
Да нядаўніх часоў адным з самых высокіх будынкаў Менску быў гатэль “Беларусь”. Зараз гэты тытул носіць Нацыянальная бібліятэка, вышыня якой каля 88 метраў. Але ўжо ў бліжэйшыя пяць гадоў, а то і раней, у Мінску з’явяцца сапраўдныя гіганты. Вядомыя і месцы, дзе вырастуць беларускія хмарачосы.
Гэта тэрыторыя цяперашняга аэрапорта “Менск-1”- там размесціцца раён Менск-сіці з некалькімі вышыннымі будынкамі.
Дзве вежы пабудуюць у комплексе па вул.М.Танка. Аналагічныя аб’екты запланаваны каля Нацыянальнай бібліятэкі, на пр. Пераможцаў бліжэй да вадасховішча Дразды. Мяркуецца вышыннае будаўніцтва ў некаторых кропках ўздоўж МКАД, у парку высокіх тэхналогій, на пр. Дзяржынскага (там павінны ўзвесці некалькі жылых дамоў вышынёй каля 80 метраў).
Улічваючы адсутнасць у рэспубліцы не толькі вопыту праектавання і будаўніцтва вышынных аб’ектаў, але нават нарматываў для гэтага (аналагічна як і ў Расеі), узвядзенне нашых хмарачосаў будзе вельмі няпростым.
Беларусь пачынае асвойваць ўзвядзенне вышынных будынкаў з распрацоўкі дакументацыі. У хуткім часе павінны быць уведзены нормы праектавання і будаўніцтва будынкаў да 75 паверхаў. Аналагічныя нормы ёсць ва Украіне і Расеі, але пакуль толькі часовыя. І калегі з блізкага замежжа гатовыя аказаць нам дапамогу ў гэтай справе.
Арыгінальныя праекты. Сучасны прамысловы дызайн.
У цяперашні час у развітых краінах заўважна моцная канкурэнцыя архітэктараў вышынных будынкаў і каб вызначыць, праект каго з іх абраць, праводзяць конкурсы.
Напрыклад адзін з самых апошніх і арыгінальных праектаў – Капенгаген. Шэсць архітэктараў былі адабраны, каб прадставіць план праекта. Пераможцам конкурсу на будаўніцтва новага комплексу на набярэжнай Капенгагена стаў праект “LM” ад 3XN architects. Гэты праект з’яўляецца не толькі Капенгагенскай Брамай, але і мостам, які пашырыць гавань.
Пасля завяршэння, гэты будынак стане адным з архітэктурных цудаў, якое злучыць Marmormolen з Langeliniekaj. Праект LM будзе не толькі архітэктурным арыенцірам у Капенгагене; ён дасць новы прыток турыстаў і магчымасць стварыць новыя гандлёвыя кропкі побач з гаванню.
Лілія Казак
хмарачос)) – цудоўнае якое слова!