Грамадства

Рэктар БрДУ стаў неўязным

21 сакавіка Еўразвяз пашырыў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на яго тэрыторыю. Сярод іх — 6 кіраўнікоў беларускіх навучальных установаў, у тым ліку рэктар Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта Мечыслаў Часноўскі. Цяпер агульны спіс складае 175 чалавек.

«Неўязныя» кіраўнікі беларускіх навучальных установаў:

  • Генадзь Падгайскі — дырэктар Менскага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа;
  • Пётр Кухарчык — рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту;
  • Міхаіл Батура — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі;
  • Мечыслаў Часноўскі — рэктар Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Пушкіна;
  • Тамара Алпеева — рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту;
  • Сяргей Абламейка — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Рада міністраў замежных справаў краін ЕЗ прыняла рашэнне пашырыць спіс ахопленых санкцыямі грамадзян Беларусі падчас паседжання ў Брусэлі 21 сакавіка — «у сувязі з пагаршэннем у Беларусі сітуацыі з правамі чалавека».

У першую версію спісу неўязных, які быў апублікаваны праз 45 дзён пасля сканчэння прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі, сярод іншых дзяржаўных чыноўнікаў, сілавікоў, суддзяў і прапагандыстаў пад нумарам 84 было ўнесенае прозвішча рэктару БДУ Сяргея Абламейкі. Цяпер ў рэктара БДУ з’явілася годная кампанія.

Выглядае, што ўжыванне санкцый супраць кіраўнікоў ВНУ дамагліся самі студэнты, адлічаныя з іх, як яны лічаць, па палітычных матывах. Такім шляхам, прынамсі, пайшоў Уладзімір Кумец, былы пяцікурснік Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута. Месяц таму ён звярнуўся да кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан з просьбай далучыць да спісу неўязных у Еўразвяз некаторых кіраўнікоў свайго інстытуту. І прозвішча рэктара Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту сапраўды з’явілася ў чорным спісе ЕЗ.

Рэктар БрДУ Мечыслаў Часноўскі апынуўся ў гэтым спісе, відаць, з-за выключэння студэнткі Аліны Літвінчук, якая была адлічаная з факультэта замежных моў падчас зімовай сесіі з фармулёўкай “за акадэмічную непаспяховасць”. Аліна актыўна працавала ў штабе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Іншы сябра спісу — рэктар БДУІРу Міхаіл Батура — праславіўся тым, што ў час выбарчай кампаніі адкрыта вымушаў студэнтаў ісці на датэрміновае галасаванне, а пасля выбараў яго ўніверсітэт стаў «чэмпіёнам» па колькасці адлічаных «за палітыку» студэнтаў.

А дырэктар палітэхнічнага каледжу Генадзь Падгайскі вядомы тым, што першым адважыўся адлічаць студэнтаў пасля Плошчы. Ахвярамі яго сталі мінімум тры ўжо былых навучэнцы каледжу.

Неўязныя кіраўнікі беларускіх навучальных установаў

Неўязныя кіраўнікі беларускіх навучальных установаў

Паводле http://generation.by

0 Comments

Пакінуць адказ