Міністэрства адукацыі працягвае лабіраваць ідэю адмены прызыву для выпускнікоў пэдагагічных аддзяленняў у тым выпадку, калі яны згадзяцца адпрацоўваць у школах да заканчэння прызыўнога ўзросту.Калі папраўка будзе прынятая, хлопцы-пэдагогі будуць адпрацоўваць не два гады, як цяпер, а ўсе пяць. Затое ў войска не пойдуць.
Ідэю не браць у войска хлопцаў-пэдагогаў, пакуль тыя працуюць у школе, агучыў два месяцы таму намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук. А нядаўна міністар адукацыі Сяргей Маскевіч пацвердзіў, што спадзяецца на прыняцце адпаведных паправак у заканадаўства.
Паводле прадстаўнікоў міністэрства адукацыі, у Беларусі значна не хапае менавіта педагогаў-мужчын. Завабліваць іх збіраюцца праз вылучэнне льготных крэдытаў на жытло, а таксама мэтадам пазбаўлення ад прызыву. Але ж тады выпускнікам, магчыма, прыйдзецца прапрацаваць у вясковых школах прыкладна пяць гадоў пасля ўніверсiтэту замест году службы ва ўзброеных сілах.
Таксама няясна, што думаюць пра праект Мінадукацыі вайскоўцы. Яны толькі год таму дамагліся права забіраць на службу завочнікаў, бо беларускаму войску, па іх словах, прызыўнікоў катастрафічна не хапае.
Паводле generation.by