Культура

Камунікат пакажа свой чалавечы твар

29 красавіка ў Берасці Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org пакажа сваё новае аблічча. У сустрэчы прымуць удзел вядомыя беларускія аўтары.

Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org узнікла ў 2000 годзе, як прыватная ініцыятыва і праз некалькі гадоў існавала на грамадзкіх пачатках. Аднак на працягу больш за 10-ці гадоў, сціплы збор публікацы беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёння з’яўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэк у сеціве.

З 2007 году праект падтрымліваецца польскім Міністэрствам Замежных Справаў у рамках праграмы „Польская дапамога”,  а зараз карыстаецца таксама падтрымкай у рамках праграмы «Змены ў Рэгіёне» – RITA, фінансаванай Польска-Амерыканскім Фондам Свабоды.

Kamunikat.org – праект Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку супрацоўнічае з рэдакцыямі многіх пэрыядычных выданняў Беларусі і замежжа, з выдавецтвамі і аўтарамі, з навукоўцамі і даследчыкамі, з творцамі розных напрамкаў мастацтва.

Па адрасу www.kamunikat.org знаходзяцца публікацыі як класікаў беларускай літаратуры, так і маладых пачынаючых аўтараў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кнігаў, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

Kamunikat.org у рамках праекту «Беларускія аўтары» дае таксама магчымасьць ствараць персанальныя сайты беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і дасьледчыкаў, якіх кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх сэрыяў.

Адначасова са зменай вонкавага выгляду, што адбылося ў мінулым годзе, дадаліся таксама пэўныя магчымасьці і ў саму сістэму бібліятэкі, якая зрабілася нашмат багацейшай і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай. Цяпер кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку ці часопісе.

Апрача кніг на паліцы бібліятэкі штораз часцей трапляюць гукавыя запісы. Тут пачуеце і архіўныя запісы галасоў тых, каго ўжо няма з намі, і расповеды пра літаратуру, творчасць і жыццё тых, хто плённа працуе на ніве беларусшчыны.

Пра ўсё гэта падчас прэзэнтацыі ў Берасці распавядуць яе стваральнікі – Яраслаў Іванюк і Натальля Герасімюк.

Сустрэча адбудзецца 29 красавіка 2011 году ў Берасці.

Адрас: цэнтр ім. Уладзіміра Калесьніка, вул. Міцкевіча 28, аўдыторыя 315. Пачатак а 11:40.
Уваход свабодны.

kamunikat

kamunikat

Пакінуць адказ