Адукацыя

4 траўня пачнецца рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне


З 4 мая па 1 чэрвеня ў Беларусі будзе праходзіць рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне (ЦТ).

Рэгістрацыя на ЦТ пачнецца на два дні пазней, чым летась, у сувязі з тым, што 2–3 мая абвешчаны выхаднымі.

Каб зарэгістравацца на ЦТ, абітурыенту неабходна асабіста прыйсці ў адзін з пунктаў правядзення тэставання, прад’явіць пашпарт і дакумент аб аплаце рэгістрацыйнага ўзносу. Кошт праходжання аднаго тэста, як і летась, складае 10 тыс. рублёў. Абітурыентам ВНУ неабходна здаць тры тэсты, ССНВ — два.

Як заявіў Фяськоў, у 2011 годзе ўпершыню ўсе 73 пункты ЦТ будуць працаваць у рэжыме аўтаматычнай рэгістрацыі. Гэта дазволіць абітурыенту зарэгістравацца ў адным з пунктаў ЦТ на праходжанне тэставання ў любым пункце па ўсёй краіне.

Апрача таго, сістэма дазволіць адсачыць у рэжыме рэальнага часу запаўненне аўдыторый. Напрыклад, у Менску, дзе размешчаны 32 пункты тэставання, абітурыент зможа выбраць найбліжэйшы да яго месца жыхарства пункт здачы ЦТ.

Цэнтралізаванае тэставанне пройдзе з 14 па 29 чэрвеня.

Рэзервовы дзень — 4 ліпеня. У гэты дзень тэст па адным прадмеце змогуць прайсці абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах не змаглі ўзяць удзел у тэставанні ў асноўны час.

Сёлета правілы правядзення тэставання і колькасць заданняў не змяніліся. У дзень здачы тэста абітурыент павінен прыйсці на іспыты з пашпартам і чорнай гелевай ручкай. Як і ў мінулыя гады, тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць праводзіць вылічэнні, можна выкарыстоўваць толькі на фізіцы і хіміі. Забаронена праносіць на тэставанне мабільныя тэлефоны і іншыя сродкі захоўвання і перадачы інфармацыі. Уведзена забарона з’яўляцца на тэставанне ў галаўным уборы: пад ім можа быць схаваны сродак перадачы інфармацыі.

Час тэхнічнай апрацоўкі вынікаў ЦТ афіцыйна складае 10–12 дзён. Аднак, як правіла, вынікі абвяшчаюцца датэрмінова. Сертыфікат ЦТ будзе выдавацца па месцы праходжання тэставання.

Паводле папярэдніх прагнозаў, сёлета ў сувязі са змяншэннем колькасці выпускнікоў школ у ЦТ возьмуць удзел на 15–20 тыс. абітурыентаў менш, чым летась, калі колькасць удзельнікаў тэставання склала прыкладна 175 тыс. чалавек.

Паводле: http://nn.by/

Пакінуць адказ