Categories: Адукацыя

Колькі каштуе малады спецыяліст?

Адказ будзе — пачынаючы ад 10 млн руб. Прычым гэта не цана платнай адукацыі, не сродкі бюджэту, выдаткаваныя на вашу адукацыю. Гэта кошт усіх вашых студэнцкіх прац, экзаменаў і залікаў за ўвесь час навучання.

Рынак беларускіх ведаў месціцца зазвычай у інтэрнэце. Сёння на запыт “заказаць дыпломную працу” вы атрымаеце сотні тысяч спасылак байнэтаўскіх сайтаў з прапановамі заказаць самыя розныя студэнцкія работы: ад “шпор” да ўжо гатовых “корак”.

Філолагі таннейшыя за фізікаў

Традыцыйна найбольш “хадавымі” і дарагімі з’яўляюцца курсавыя працы і дыпломы.

Кошт адной курсавой для гуманітарных дысцыплін — каля 130-150 тысяч. Гэта тычыцца таксама правазнаўчых і эканамічных дысцыплін. Тыя ж курсавыя працы, але ўжо з практыкай па эканоміцы і прыродазнаўстве, абыдуцца ў 150—170 тысяч. І прыкладна столькі ж давядзецца “выкласці” за працу па “царыцы навук” — матэматыцы.

Самай дарагой (ад 260 тыс.) будзе курсавая праца па тэхнічных дысцыплінах.

Затое курсавую працу па гуманітарных навуках патрэбна будзе чакаць мінімум сем дзён, а па тэхнічных — 10.

Дыплом за 200 баксаў

Калі забіць у пашукавік фразу “заказаць дыпломную працу Беларусь”, то ён выдасць вам каля паўмільёна спасылак на разнастайныя сайты. Дыплом стаіць не толькі першым у рэйтынгу па пошуках, але і ў рэйтынгу па цэнах.

Для таго, каб без асаблівых праблем выпусціцца з “любімай” аlmа mаtеr, варта запасціся дастатковай колькасцю фінансаў. Таму што мінімальны кошт дыпломнай працы — 380-390 тысяч бел. руб. Гуманітарыі застаюцца ў хвасце, у той час як дыпломныя працы па дакладных і тэхнічных навуках “заважаць” ад 600 тыс. руб.

У інтэрнэце можна таксама заказаць і ўступны спіч да абароны дыплома. 10 долараў — і вы зачаруеце экзаменатараў сваімі ведамі.

30 тысяч —
і рэферат за тры дні

Просценькі рэферат ад 5 да 30 старонак са спісам літаратуры і правільным афармленнем будзе каштаваць ад 30 тысяч беларускіх рублёў. І тры дні чакання.

Мінімальны кошт кантрольных па гуманітарных і эканамічных дысцыплінах — 60 тысяч “зайчыкаў”. Прававыя дысцыпліны ў гэтай лінейцы “тавараў” даражэюць на 15 тысяч, тэхнічныя дысцыпліны займаюць першы радок з лікам 90 тысяч рублёў за адну кантрольную. А вось на дзіва па прымальных коштах ідуць кантрольныя па дакладных навуках (вышэйшая матэматыка і г.д.) — ад 8 тысяч.

Экзамены — 50 баксаў, залікі — 6…

За грошы ў некаторых ВНУ можна здаць і экзамены, і залікі. Напрыклад, у 2008-м годзе ва ўніверсітэце ім. Куляшова за залік па дысцыпліне “Ахова працы” выкладчык браў па 20 тыс. Масштабы яго “рынку” дасягалі часам цэлых груп. Праваахоўнікі спынілі яго дзейнасць.

А вось экзамены, згодна з “таксай” аднаго з выкладчыкаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, чатыры гады таму каштавалі ад 50 да 80 долараў.

“Шпоры” —
ад 2500 за пытанне

З новых відаў паслуг аўтары шматлікіх сайтаў адзначаюць падрыхтоўку сацыялагічнай анкеты (20 тыс. руб.), мультымедыйнай прэзентацыі (40 тыс.), напісанне справаздачы па практыцы (150—180 тыс.) і нават падрыхтоўку “шпор” (ад 2500 рублёў за адно пытанне).

Грошы = мазгі?

Студэнты Інстытута журналістыкі БДУ за сваё навучанне здаюць чатыры курсавыя работы (4х130 тыс. бел. руб.), пяць справаздач аб практыцы (5х150 тыс. бел. руб.), 45 экзаменаў (45х50 долараў), 90 залікаў (90х20 тыс. бел. руб.), безліч рэфератаў і адну дыпломную працу (380 тыс. бел. руб). Такім чынам атрымліваецца каля
10 млн бел. руб.

Студэнты энергетычнага факультэта БНТУ за пяць год здаюць каля 50 экзаменаў (бяром кошт па 50 долараў за адзін), 35 залікаў (па 20 тыс. кожны), 20 курсавых прац (памнажаем на 260 тыс), пяць-шэсць рэфератаў, тры практыкі і адну дыпломную працу. Агулам, калі перавесці ў беларускія рублі, атрымліваецца больш за 15 млн.

Нядрэнны пачатковы капітал?

Настасся Занько. Газета “Звязда”.

How to be a student

Darya

View Comments

  • Ды ўжо,з гэтым я знаёмая асабіста,спачатку была здзіўлена,цяпер абвыкла)))Выснова адзін-усе дурні з грашыма атрымліваюць вышэйшую адукацыю,а разумныя на кірмашы гандлююць або падлогі мыюць:)Ну вядома ёсць выключэнні,але гэта асобная тэма!

Recent Posts

Павел Ferenc: праз музыку я разумею свет

Павел Феранец, ці Ferenc, – ідэальны суразмоўца. Дамаўляемся пра сустрэчу – адразу падбіраем зручны для…

2 дні ago

Ад сметніка да фотазоны. Як жыхары простага шматпавярховіка мяняюць сваё асяродзе

Гэты новы дом у цэнтральнай часцы горада на вуліцы Гогаля здаваўся ідэальным, калі тут набывалі…

1 тыдзень ago

Абмен раслінамі ў “Таполі”: каб зялёнага было больш

Ідэальны адпачынак – гэта час, праведзены сярод тых, хто з табой на адной хвалі. У…

2 тыдні ago

Суботнік – гэта проста. Як берасцейцы паляпшаюць сваё наваколле

Чалавек сам стварае сваё наваколле. Да такой высновы аднойчы прыйшлі жыхары сціплага пяціпавярховага дома ў…

2 тыдні ago

Ад маркету да фотастудыі: як Даша Сідарэнка змяняе культурнае жыццё Берасця

Існуе меркаванне, што Берасце – нецікавы горад, у якім няма куды схадзіць, але насамрэч гэта…

3 тыдні ago

Вікторыя Цэкат – арганізатарка фотадня для мам з “Без межаў”

Для кожнага з нас словы “макіяж”, “фрызура”, “фотаздымкі” значаць нешта сваё. Для некага гэта частка…

3 тыдні ago