Дадзены старт новаму этапу кампаніі “Народная праграма”, ініцыяванай Рухам “За Свабоду”. Ён будзе ўяўляць з сябе не толькі экспертнае, але і самае шырокае грамадскае абмеркаванне надзённых праблемаў краіны ў самых розных галінах.
Мэта кампаніі – знаходжанне аптымальных рашэнняў для неабходных пераўтварэнняў, якія ўвойдуць у альтэрнатыўную пазітыўную канцэпцыю развіцця Беларусі.
Кожны раунд дыскусій будзе пачынацца са своеасаблівай “затраўкі” – агучвання тэзаў і контртэзаў пазіцый па той альбо іншай праблеме (тэме) ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльным забеспячэнні, маральнай плоскасці ці ў побытавым жыцці. Абмеркаванне будзе ладзіцца як ў форме круглых сталоў, грамадскіх слуханняў, тэматычных канферэнцый, так і праз СМІ, на інтэрнет-форумах.
Такім чынам, штотыдзень у публічнай прасторы праз афіцыйны сайт “Народнай праграмы”будзе абвяшчацца актуальная тэма для абмеркавання з яе экспертам-вядучым. Да дыскусіі будуць далучацца іншыя эксперты і прафесіяналы у тэматычных галінах. І любы зацікаўлены наведвальнік сайту будзе мець магчымасць выкласці свае меркаванні датычна абвешчанай тэмы і прапановаў экспертаў. Эксперт-вядучы па заяўленай тэме будзе ўдзельнічаць ў палеміцы і адстойванні сваіх тэзаў. Наведвальнікі сайту і запрошаныя эксперты змогуць весці рэйтынг прапановаў і іх аўтараў. Пасля абмеркавання экспертная група падагульніць вынікі дыскусіі ў выглядзе праграмных прапановаў будучых пераўтварэнняў і рэформаў.
Спіс тэмаў, што будуць запрапанаваныя да абмеркавання, разнастайны: ад будаўніцтва АЭС, стварэння паліцыі, пераходу на прапарцыйную выбарчую сістэму, уступлення ў Еўразвяз да павелічэння пенсійнага ўзросту, легалізацыі прастытуцыі, падвышэння мытаў на ўвоз аўтамабіляў, пераносу сталіцы.
Дарэчы, кожны можа не толькі пакідаць каментары па запрапанаваных тэмах, але і ўносіць да дыскусій свае.\
Больш падрабязней тут.