У межах Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! з ініцыятывы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», асноўнага арганізатара мерапрыемства, абвешчаны крэатыўны конкурс маладых рэкламістаў.
Гэты конкурс ладзіцца супольна з «Беларускім фондам SOS-Дзіцячая вёска«. Партнёр конкурсу — Цэнтар сістэмных бізнес-тэхналогіяў SATIO. Удзельнікам конкурсу неабходна стварыць дызайн постэра альбо серыі постэраў на тэму сіроцтва па адным з прапанаваных арганізатарамі заданняў.
У Беларусі сёння жыве каля 1,8 млн. няпоўнагадовых дзяцей, з іх прыблізна 30 тыс. — дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без бацькоўскага дагляду. Яшчэ 19,5 тыс. сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Менавіта такім катэгорыям нашага грамадства імкнецца дапамагчы грамадская арганізацыя «Беларускі фондSOS-Дзіцячая вёска».
ГА «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска» з’яўляецца часткай міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «SOS Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь» (Аўстрыя). Асноўныя намаганні інтэрнацыянальнай арганізацыі накіраваныя на выхаванне і падтрымку дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскага дагляду. Акрамя таго, яна працуе над папярэджаннем сацыяльнага сіроцтва і аказвае дабрачынную дапамогу дзецям-сіротам.
SOS-Дзіцячыя вёскі працуюць у Беларусі ўжо на працягу амаль 20 гадоў. Яны развіваюцца ў межах дзяржаўнай палітыкі па дэінстытуалізацыі дзяцей-сіротаў і развіцці формаў іх сямейнага выхавання. Сёння арганізацыя мае патрэбу ў распрацоўцы новых канцэпцыяў і крэатыўных ідэяў для прыцягнення фінансавых рэсурсаў, якія маглі б дапамагчы далейшай рэалізацыі падобных праектаў.
І менавіта таму фонд звяртаецца па дапамогу да крэатыўнай і неабыякавай моладзі
Удзельнікі конкурсу павінны распрацаваць крэатыўную ідэю і здзейсніць яе ў межах такога рэкламнага фармату, як постэр альбо серыя постэраў фармату А3. Галоўная задача конкурсных работаў заключаецца ў прыцягненні ўвагі прадстаўнікоў беларускай бізнес-супольнасці да сацыяльных пытанняў сіроцтва і праблемных сем’яў. Работы павінны заахвоціць бізнес не заставацца абыякавым і дапамагаць у рэалізацыі праектаў ГА «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».
У конкурсе могуць удзельнічаць як асобныя маладыя аўтары, так і творчыя групы ў складзе не больш за два чалавекі. Узрост удзельнікаў не павінен перавышаць 28 гадоў. Кожнаму канкурсанту прапануецца рашэнне аднаго з двух кейсаў (на выбар). Рашэнне ўсіх двух кейсаў будзе толькі вітацца.
Падрабязней тут.