10 мая на стадыёне Esprit-Arena ў Дзюсельдорфе (Нямеччына) адбудзецца першы паўфінал міжнароднага конкурсу песні “Еўрабачанне-2011”.
У паўфінале выступяць прадстаўнікі 19 краін: Польшчы, Нарвегіі, Албаніі, Арменіі, Турцыі, Сербіі, Расіі, Швейцарыі, Грузіі, Фінляндыі, Мальты, Сан-Марына, Харватыі, Ісландыі, Вугоршчыны, Партугаліі, Літвы, Азербайджана і Грэцыі.
Дзесяць найлепшых выканаўцаў і калектываў згодна з галасаваннем журы і тэлегледачоў выйдуць у фінал. Вынік “Еўрабачання” вызначыцца галасаваннем тэлегледачоў і прафесійнага журы ў кожнай з краін-удзельніц у суадносінах 50 на 50. Тэлегледачы і журы выстаўляюць свае балы найлепшым, на іх думку, песням: ад 1 да 8, 10 і 12 балаў.
З удзельнікаў першага паўфіналу, на думку букмекераў, найбольш верагодныя шансы на перамогу маюць прадстаўнікі Азербайджана, Расеі, Турцыі, Грэцыі, Фінляндыі, Арменіі і Вугоршчыны. У прыватнасці, букмекерская кантора William Hill прымае стаўкі на выхад у фінал Азербайджана і Расеі з каэфіцыентам 1.03, Турцыі — 1.07, Грэцыі і Фінляндыі — 1.17, Арменіі, Нарвегіі і Венгрыі — 1.20.
Беларуская ўдзельніца конкурсу Анастасія Віннікава з песняй Яўгена Алейніка і Святланы Гераськовай I love Belarus выступіць 12 мая ў другім паўфінале пад нумарам 16.
Прамыя трансляцыі конкурсу песні “Еўрабачанне” з Дзюсельдорфа 10, 12 і 14 мая будуць пачынацца ў 22.00 на Першым канале і спадарожнікавым тэлеканале “Беларусь-ТБ”. Каментаваць конкурс будзе спецыяльны карэспандэнт Агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Кур’ян. У фінале балы ад Беларусі аб’явіць Лейла Ісмаілава, якая вяла дзіцячае “Еўрабачанне-2010” у Мінску.
Магчымасць прагаласаваць у беларусаў з’явіцца падчас другога паўфіналу (12 мая) і фіналу (14 мая) конкурсу. Для таго каб выказаць сімпатыю ўпадабанаму канкурсанту, дастаткова зрабіць тэлефанаванне або даслаць SMS на нумар з паказаных на экране тэлевізара. Пасля выступлення апошняга артыста ў тэлегледачоў будзе 15 дадатковых хвілін, каб зрабіць выбар. Галасаваць можна за ўсіх канкурсантаў, акрамя прадстаўніка сваёй краіны.
Паводле: http://by.belapan.com/