Культура

З “чорнага” спісу спяваюць

Не гледзячы на тое, што забаронены, Зміцер Вайцюшкевіч заспявае на беларускай зямлі. Адбудзецца гэта у пачатку лета.

Берасцейцы, мабыць,  не яшчэ забыліся на тое, як у пачатку красавіка быў адменены канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Наш горад быў не адзіны ў Беларусі, які не пачуў спеваў артыста. Тлумачыла ўсе казусы з адменай канцэртаў чутка пра “чорны” спіс, куды трапілі ўсе, хто спявае, танчыць ці дыхае не так, як патрэбна ўладам.

Для тых, хто зусім засумаваў ад таго, што Вайцюшкевіча не пачуе, ёсць цудоўная навіна. 1-га чэрвеня на канцэрце ў Менску Зьміцер Вайцюшкевіч разам з WZ-Orkiestra збіраецца прэзентаваць свой новы альбом «Чара». Канцэрт адбудзецца ў Палацы культуры ветэранаў, але ў закрытым фармаце. Уваход будзе толькі па запрашальніках, якія распаўсюджваюцца праз амбасаду Швецыі ў Беларусі. «Зараз не той час, каб афішаваць канцэрты», — кажа спявак.

У альбом «Чара» ўвайшлі песні на вершы шведскіх паэтаў. Творы Кенэта Клемэтса, Крыстафэра Леандуэра, Катарыны Фростэнсан на беларускую мову пераклалі Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Зміцер Плакс, а Зміцер Вайцюшкевіч паклаў словы на музыку. Выканаўца кажа, што ў музычным плане яго новы альбом будзе значна адрознівацца ад папярэдніх працаў. Праграма «Чара» ўжо была прэзэнтаваная ў Швецыі — 2 мая музыкі з WZ-Orkiestra далі канцэрт у Паўднёвым тэатры ў Стакгольме. А вось беларуская прэм’ера апынулася пад пытаньнем, бо спявак трапіў у неафіцыйны «чорны» спіс разам з шэрагам іншых дзеячоў культуры, якія выступілі з крытыкай дзеянняў беларускіх уладаў 19 снежня.

Паводле tyзін гітоў

Фота: mahilou.org

Вайцюшкевіч

Вайцюшкевіч

Пакінуць адказ