Грамадства

У сталіцы Палесся замініравалі галоўную плошчу горада

Сёння ў Пінску, як і ў іншых гарадах Беларусі,  была запланавана агульнарэспубліканская акцыя “Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі”.
Але мерапрыемства на галоўнай плошчы (плошчы Леніна)  не адбылося. Таму што плошча   загадзя была перакрыта супрацоўнікамі міліцыі, негледзячы на дрэннае надвор’е. Яны невялікімі суполкамі  стаялі на ўсіх падыходах да  эпіцэнтра “Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі” ў Пінску.
Усіх жадаючых прайсці ў гістарычны цэнтр горада супынялі міліцыянты і пачыналі размову:

– Добры дзень.
– Добры дзень.
– Куды Вы накіраваліся?
– Шпацырую па гораду.
– Тут сёння шпацыраваць нельга.
– Чаму?
– На плошчы рыхтецца нейкае мерапрыемства.

 
– Добры дзень.
– Добры дзень.
– Куды Вы накіраваліся?
– Шпацырую па гораду.
– Тут сёння шпацыраваць нельга.
– Чаму?
– На плошчы праводзіцца спецаперацыя.

– Добры дзень.
– Добры дзень.
– Куды Вы накіраваліся?
– Шпацырую па гораду.
– Тут сёння шпацыраваць нельга.
– Чаму?
– Плошча замініравана.

Міліцыянты былі  ветлівыя, але жыхароў Пінска на плошчу не пускалі. Удзельнікі акцыі збіраліся невялікімі суполкамі  на падыходах да плошчы. Усяго было каля 40-50 чалавек.  19.30 акцыя завершылася. Ахоўнікі правапарадку пачакалі да 20.00 і так сама разышліся. Затрыманняў не было.

Пакінуць адказ